wd wp Пошук:

Курапатка белая

Курапа́тка бе́лая, Пардва[1] (Lagopus lagopus) — птушка атраду курападобных, сямейства фазанавых.

Апісанне

Птушка сярэдняй велічыні, маса 650—750 г. Ярка выражаны сезонны і, у меньшай ступені, полавы дымарфізм: у самца 4, а ў самкі 3 сезонныя ўбранні за год. Зімой абедзве птушкі маюць белае апярэнне. Вясной у самцоў тулава, крылы і хвост белыя, а галава, шыя і валляк — каштанава-рыжыя. Самка пасля зімы адразу прымае летняе ўбранне, якое, як і ў самца, летам мае рыжаватыя, жаўтаватыя і бураватыя таны, прычым афарбоўка самкі больш бледная. Восенню афарбоўка самца і самкі амаль аднолькавая — на фоне летняга ўбрання паяўляюцца ярка-рыжыя пёры.

Пашырэнне

Арэал віду цыркумпалярны. Уключае тундры Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, прасціраецца на поўдзень у зону лясоў, лесастэпы, да гор Паўночнага Казахстана і Манголіі ў Азіі і да Канады ўключна ў Амерыцы.

Белая курапатка на паштовай марцы Беларусі

У 18-19 ст. арэал уключаў лесастэпавыя раёны Украіны. Да 1930-х гг. паўднёвая мяжа пашырэння віду праходзіла ўжо па тэрыторыі Беларусі, пазней перамясцілася яшчэ далей на поўнач. Нешматлікія яе сустрэчы на Беларусі ў пачатку 1980-х гг. адносяцца да раёнаў мінулага пражывання. Месцы пражывання: вярховыя балоты з нізкарослай (3-4 м) сасной і рэдкім дамешкам бярозы.

Асаблівасці біялогіі

Яйкі Lagopus lagopus lagopus

Шлюбныя гульні пачынаюцца пасля паяўлення праталін. Гнёзды робіць на мохавых купінах, часта схаваны пад галінкамі багуну або іншых балотных раслін. У кладцы 8-12 яек памерамі 42,7 x 30,8 мм, бледна жоўтых з карычневымі і бураватымі плямінкамі і крапінкамі. Лётны маладняк — у сярэдзіне чэрвеня, дасягае вагі дарослых птушак у пачатку верасня. Зімой корміцца пупышкамі і парасткамі вярбы і бярозы, вясной, летам і восенню — лісцем падбелу, талакнянкі, багнаўкі і чарніц.

У беларускай кухні

Да сярэдзіны XIX ст. звычайная птушка, у Рэчы Паспалітай лічылася адмыслова беларускім далікатэсам. Лавілі пераважна «колам» (сілом).

Мяса вельмі смачнае, цёмнае, з характэрным смакам. Маладых птушак (маюць жоўтыя ножкі і чорную дзюбу) можна запякаць, ужо на наступны дзень пасля здабычы, абгарнуўшы тонкімі скрылікамі сала або шпіку. Старэйшых (маюць шэрыя ножкі і белую дзюбу) трэба абавязкова некалькі дзён вытрымліваць у пер’і. Іх лепей тушыць (асабліва ў капусце, а таксама ў смятане, віне, парэчкавым або апельсінавым соусе і г.д.). Абскубаных і вытрыбушаных курапатак трэба мыць старанна, але хутка, бо вада «вымывае» смак. Запякаць трэба на моцным агні, але не даўжэй за 30 — 40 хвілін. Паляпшае смак курапатак пучок мускатнага шалфею, які выдаляюць пасля запякання. Курапатак фаршыравалі свінінай, вантробамі, зялёным гарошкам. Адным з далікатэсаў шляхецкай кулінарыі лічыліся курапатка «ў снезе» (г.зн. запечаныя ў пенцы з яечных бялкоў).

Ахова

З 1925 здабыча віду на Беларусі забаронена паляўнічым заканадаўствам. Белая курапатка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Tetrae lagopus

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Цецеруковыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе