Кру́пецкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр і адзіны населены пункт — аграгарадок Крупец.
Утвораны 30 снежня 1927 года ў складзе Церахоўскага раёна Гомельскай акругі БССР шляхам аб’яднання скасаваных Навакрупецкага, Навашляхаўскага, Новажыццёўскага і Старакрупецкага сельсаветаў. Цэнтр — вёска Новы Крупец. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Церахоўскім раёне БССР. З 12 лютага 1935 года ў складзе Добрушскага раёна, з 20 лютага 1938 года — Гомельскай вобласці. 29 жніўня 1974 года скасаваны пасёлкі Ляскі I і Ляскі II[1]. 26 кастрычніка 1989 года 5 населеных пунктаў былі перададзены ў склад Рассветаўскага сельсавета. 10 чэрвеня 2014 года вёскі Новы Крупец і Стары Крупец аб’яднаны ў аграгарадок Крупец[2].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года (2 населеныя пункты) — 1203 чалавекі[3], з іх 90,2 % — беларусы, 6,2 % — рускія, 1,6 % — цыганы, 1,2 % — украінцы, 0,6 % — малдаване[4].