wd wp Пошук:

Красацел пахучы

Красацел пахучы (Calosoma sycophanta) — насякомае атраду цвердакрылыя (Coleoptera), сямейства жужалі (Carabidae).

Апісанне

Буйны, ярка афарбаваны жук даўжынёй 22-33 мм. Бакавы кант пярэдняспінкі працягнуты да задніх вуглоў. Галава, пярэдняспінка і большая частка нізу цела цёмна-сінія, надкрылы залаціста-зялёныя з медна-чырвоным бляскам. Вусікі, ротавы апарат, галёнкі, лапкі і брушка чорныя. Адзін з 14 відаў роду. Рэгулюе колькасць іншых насякомых.

Арэал

Паўднёвая і Сярэдняя Еўропа, уключаючы поўдзень Англіі і Швецыі, Заходняя Азія (Сібір, Заходні Казахстан, поўдзень Алтая), Паўночная Афрыка. Акліматызаваны ў Паўночнай Амерыцы. У Беларусі праходзіць паўночна-ўсходняя мяжа арэала. Дакладна вядомы толькі з Белавежскай пушчы. У 1936 г. адзначаўся ў Віцебскім раёне.

Асаблівасці біялогіі

Актыўны драпежнік. Жукі і лічынкі знішчаюць у асноўным вусеняў і кукалак матылёў, сярод якіх ёсць шкоднікі лесу: няпарны і кольчаты шаўкапрады, манашка, чубаткі і інш. Жукі зімуюць у глебе і лясной падсцілцы. Спароўванне і адкладка яек вясной або ў пачатку лета. Развіццё лічынак і кукалак доўжыцца каля 2 месяцаў. Самкі адкладваюць каля сотні яек, з якіх праз 3-15 сутак выходзяць лічынкі, якія праходзяць 3 стадыі развіцця і ператвараюцца ў кукалак, а праз 10-18 сутак выходзяць жукі. Маладыя жукі паяўляюцца ў жніўні-верасні. Частка асобін зімуе і адкладвае яйкі 2-3 разы.

Выкарыстанне

У Паўночнай Амерыцы красацела пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы з перасягнутай глыбінёй разгортвання
Катэгорыя·Жужалі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта