wd wp Пошук:

Няпарны шаўкапрад

Няпарны шаўкапрад, Няпарны прадзільнік[1] (Lymantria dispar) — матыль сямейства ваўнянак.

Апісанне

Самка
Самец

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). Самкі большыя за самцоў. У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушха тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі.

Пашырэнне

Пашыраны ў Еўразіі, Паўночнай Амерыцы, Паўночнай Афрыцы.

Размнажэнне

Вусень

Яйцы круглыя, светла-жоўтага колеру. У час распускання пупышак з яец пачынаюць вылуплівацца вусені, якія жывяцца лісцем, бутонамі і кветкамі. Вусені даўжынёй 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырвонымі валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі.

Генерацыя аднагадовая. Маладыя лічынкі могуць пераносіцца ветрам на даволі вялікія адлегласці. У канцы свайго развіцця лічынка акукліваецца ў кокане паміж лісцем ці ў трэшчынах кары. У ліпені—жніўні пачынаецца вылет матылькоў. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Значэнне

Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў. Наносіць шкоду яблыні, грушы, сліве і іншым пладовым дрэвам.

Меры барацьбы: саскрабанне з штамбаў дрэў кладак яец і іх знішчэнне; у перыяд адасаблення бутонаў апрацоўка біялагічнымі або хімічнымі сродкамі.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с. — у крыніцы пад назвай Ocneria dispar

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Ваўнянкі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных