wd wp Пошук:

Княства Балгарыя

Пад назвай Княства Балгарыя (балг.: Кня́жество Бълга́рия) у гістарыяграфіі вядома Балгарская дзяржава ад атрымання аўтаноміі ў межах Асманскай імперыі ў 1878 годзе да абвяшчэння незалежнасці ў 1908 годзе. Уяўляла сабой канстытуцыйную манархію з аднапалатным парламентам (Народны сход). Глава дзяржавы — князь. Тытул манарха — «князь балгараў». Кіруючыя дынастыі: у 18791886 гадах — Батэнбергская, 1887—1908 гадах — Саксен-Кобург-Гоцкая. Прадугледжвалася калектыўнае рэгенцтва ў выпадку недзеяздольнасці князя.

Гісторыя

Ля вытокаў сучаснай балгарскай дзяржаўнасці стаяла руская акупацыйная адміністрацыя, якая кіравала Балгарыяй пасля Руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Межы новай дзяржавы былі вызначаны Берлінскім кангрэсам 1878 года, якія моцна ўрэзаў вызваленую Балгарыю на карысць Асманскай імперыі і іншых суседніх дзяржаў. У 1879 годзе ў сярэднявечнай балгарскай сталіцы Тырнаве была прынята Устаноўчым сходам канстытуцыя, якая ўсталявала ў маладой дзяржаве канстытуцыйную манархію. Пасля абдыкацыі князя Аляксандра I Батэнберга ў 1886 годзе і перыяду рэгенцтва ў 1887 годзе на прастол уступіў пранямецкі кіраўнік Фердынанд I Саксен-Кобург-Гоцкі. Анексія 6 верасня 1885 года Княствам Балгарыя аўтаномнай у складзе Асманскай імперыі вобласці Усходняя Румелія стала прычынай пачатку 14 лістапада т. г. Сербска-балгарскай вайны 1885 года, якая завяршылася перамогай Балгарыі. Бухарэсцкі мірны дагавор 19 лютага 1886 года канстатаваў міжнароднае прызнанне акту ўз’яднання Княства з Усходняй Румеліяй.

Падчас чарговага паслаблення Асманскай імперыі і анексіі Аўстра-Венгрыяй Босніі і Герцагавіны, балгарскі князь Фердынанд I, скарыстаўшыся момантам і па папярэднім тайным пагадненні з Венай, абвясціў 22 верасня 1908 года незалежнасць Княства і пераўтварэнне яго ў царства. Прыняцце тытула цара выражала фактычны статус поўнай юрыдычнай незалежнасці і поўнага суверэнітэту над Усходняй Румеліяй. Неабходныя папраўкі ў канстытуцыю былі ўнесены V Вялікім Народным сходам у 1911 годзе.

Тэмы гэтай старонкі (5):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Княствы
Дзяржавы ў гісторыі Балгарыі
Зніклі ў 1908 годзе
З’явіліся ў 1878 годзе