wd wp Пошук:

Кловіс

Кловіс (англ. Clovis), або Льяна (Llano) — археалагічная культура позняга палеаліту ў Паўночнай Амерыцы і поўначы Паўднёвай Амерыкі.

Асаблівасці

Атрымала сваю назву па населеннаму пункту Кловіс у штаце Нью-Мексіка, ЗША, каля якога ў 19361938 гг. былі знойдзены першыя артэфакты. Радыёвугляродны аналіз паказаў, што яны былі створаны ў 11,5 — 11 тыс. да н. э. Пазней рэшткі гэтай культуры былі выяўлены на вялізарнай тэрыторыі ад Канады да поўначы Паўднёвай Амерыкі.

Культура Кловіс не была аднастайнай, мела тэрытарыяльныя адрозненні. Класічнай лічыцца культура Вялікіх раўнін і Арызоны. Адметнай рысай Кловіс з’яўляюцца рыфленыя з двух бакоў каменныя наканечнікі дзід. Акрамя таго, выкарыстоўваліся каменныя скрэблы, востраканечнікі, секачы. Людзі таго часу займаліся пераважна збіральніцтвам і паляваннем на буйных траваедных звяроў, у тым ліку мамантаў, бізонаў, тапіраў, гіганцкіх ляніўцаў і г. д. Выяўлена, што яны ўжывалі больш за 125 відаў раслін і жывёлін і такім чынам былі добра прыстасаваныя да тагачасных умоў. Стаянкі ў асноўным мелі часовы характар, але знойдзены таксама доўгачасовыя пасяленні, якія займалі значную плошчу. У 8 — 7 тыс. да н. э. Кловіс канчаткова саступіла месца іншым археалагічным культурам.

Навуковыя дыскусіі

Месцы археалагічных знаходак у Новым Свеце, якія меркавана датуюцца раней за культуру Кловіс

Доўгі час культура Кловіс лічылася найстаражытнейшай у Амерыцы. Меркавалася, што яе прадстаўнікі з’яўляліся прамымі нашчадкамі тых, хто прыйшоў у Амерыку з Азіі праз Берынгію і праход у льдах. Аднак сучасныя генетычныя даследаванні паказалі, што засяленне Амерыкі адбылося на некалькі тысячагоддзяў раней. Гэта было пацверджана новымі археалагічнымі знаходкамі.

У 1988 г. шэраг даследчыкаў прапанаваў гіпотэзу аб уздзеянні еўрапейскіх салютрэйскіх перасяленцаў на культуру Кловіс, пакольку ў Еўропе (ля гары Салютрэ) ў 22 — 17 тыс. да н. э. таксама былі распаўсюджаны наканечнікі дзід, падобныя на кловіскія. Аднак яна не знайшла ніякіх падцверджанняў.

Дыскусійным таксама з’яўляецца пытанне аб знікненні культуры Кловіс. Большасць археолагаў звязваюць гэты факт ці то з эвалюцыяй культуры і пераходам яе ў іншыя, ці то са знікненнем або скарачэннем буйных траваедных у выніку натуральных кліматычных зменаў. Але ў 2007 г. была высунутая гіпотэза пра тое, што пахаладанне і выміранне жывёл і людзей Кловіс адбыліся ў выніку катастрофы, выкліканай ударам вялікага касмічнага цела.

У 2013 годзе міжнародная група вучоных прачытала геном адзінага вядомага прадстаўніка культуры Кловіс — двухгадовага хлопчыка, які жыў 12,5 тысяч гадоў назад. Якасць ДНК дазволіла прачытаць геном 14 разоў, што гарантуе нізкі ўзровень памылак. Параўнанне атрыманых паслядоўнасцей з вядомымі генагеаграфічнымі данымі паказвае, што прадстаўнікі культуры Кловіс былі генетычна блізкія да сучасных індзейцаў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі і адпаведна з’яўляюцца сваякамі азіятаў Сібіры і Далёкага Усходу[1][2].

Зноскі

  1. http://www.nature.com/nature/journal/v506/n7487/full/nature13025.html
  2. http://lenta.ru/news/2014/02/13/clovisgenome/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Палеаліт
Катэгорыя·Археалогія ў ЗША
Катэгорыя·Археалогія ў Мексіцы
Катэгорыя·Археалагічныя культуры Паўночнай Амерыкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Палеаіндзейцы