Каўтун (лац. Plica polonica; польск. Kołtun polski; укр. Гостець) — народная назва хваробы скуры галавы. Узнікае ў выніку экзэмы праз парушэнне гігіены, нерасчэсванне, вашывасць [1][2]і г. д. Каўтун незвычайнае становішча, пры якім валасы заблытваюцца незваротна, утвараючы масу, часам, ліпкую і вільготную.
З прычыны выдзялення (экскрэцыі) сальных залоз на галаве, валасы зліпаюцца ў клубкі, касічкі, непадзельныя космы і ўтвараюць зліплую густую масу, падобную на лямец, у якіх назапашваецца бруд, пыл і мноства насякомых. Каўтун ліквідуюць стрыжкай валасоў і паслядоўным лячэннем запаленага стану сальных залоз на галаве.
У XIX стагоддзі лічыўся асаблівай хваробай, уласцівай некаторым мясцінам, у першую чаргу Польшчы, некаторым раёнам Беларусі, Літвы, Украіны, Венгрыі, Сілезіі, Трансільваніі, Прусіі і, радзей, уздоўж ракі Рэйн[3]. Існавала перакананне, што стрыжка каўтуна можа шкодна адбіцца на здароўі чалавека — псіхічны разлад, слепата і інш. Нашэнне каўтуна, згодна з народнымі павер’ямі, павінна было абараніць ад хвароб і чорта. У народным уяўленні паходжанне Каўтуна (гасцеца) звязвалася таксама са спадчыннасцю [4] або часцей — з чарамі, злым духам, які можа ўвайсці ў чалавека [5].
Звышнатуральнае значэнне, якое ў народных павер’ях прыпісвалася каўтуну, верагодна, і выклікала ўказ Сінода 24 лютага 1722 года (Расія), якім прадпісвалася забарона знаходжання людзей з каўтунамі ў манастырах.
Лічылася, што каўтун мог быць як мужчынскага, так і жаночага роду[6]. Каўтун быў хваробай, у асноўным, сялянства і іншых маламаёмасных пластоў насельніцтва, але сустракаўся таксама і сярод вышэйшых сацыяльных класаў. Самай прыкметнай фігурай у гісторыі быў кароль Даніі і Нарвегіі Крысціян IV (1577—1648). Яго каўтун меў форму касічкі, упрыгожанай чырвонай стужкай. Прыдворныя, як паведамляецца ў гістарычных крыніцах, насілі такую ж прычоску, як знак ліслівасці каралю.
Каўтун сустракаецца таксама ў жывёл (коней (звычайна пад грывай), сабак, катоў і інш.).