Батальён пакутнікаў Сеідаў, або Катаіб Саід аль-Шухада (араб. كتائب سيد الشهداء) — іракскае шыіцкае апалчэнне[3], сфарміраванае ў маі 2013 года.
Групоўка апісваецца як проксі Ірана і з’яўляецца адным з першых народных апалчэнняў, якія ў 2014 годзе сфармавалі Сілы народнай мабілізацыі. Мае цесныя сувязі з арганізацыяй Бадра[4] і групоўкай Катаіб Хезбала[5]. Супрацоўнічае з ліванскай партыяй Хезбала[6]. Падтрымлівае сірыйскі ўрад Башара Асада.
Арганізацыя ўступала ў супрацьстаянне з ЗША[7], а таксама групоўкамі Ісламская дзяржава, Сірыйская свабодная армія, Фронт аль-Нусра, Хаят Тахрыр аш-Шам[8].
Арганізацыя месціцца ў іракскай правінцыі Салах-эд-Дзін[8]. Яна таксама актыўна ў Сірыі, дзе яе асноўная ўвага надаецца абароне мячэці Саеда Зейнаб у паўднёвым прыгарадзе горада Дамаск[9].
Падчас грамадзянскай вайны ў Іраку ўдзельнічала ў баях за правінцыю Салах-эд-Дзін[10] і другой бітве за Тыкрыт[11]. У Сірыі яна была заўважана ў 2014 годзе ў ходзе сутыкненняў у Шэйх-Міскіне[12].
«Катаіб Саід аль-Шухада» ўзначалілі Абу Ала аль-Валаі[13] і Абу Мустафа аль-Шэйбані[14]. Апошні раней узначальваў сетку кантрабандыстаў і шыіцкіх баевікоў, з якой потым і з’явілася групоўка[15].