Катастрофа Х-32 Бекас у пасёлку Рось — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 9 ліпеня 2011 года ў п. Рось Ваўкавыскага раёна.
9 ліпеня 2011 аднаматорны двухмесны самалёт «Бекас» Х-32-912 авіяцыйнага атраду ТАА «Пружаны Авіяхімсервіс» па заяўцы Ваўкавыскага РАУС удзельнічаў у пошуках зніклай жанчыны ў лясным масіве, прылеглым да вёскі Мінеўшчына Ваўкавыскага раёна. Ён прыляцеў з аэрадрому Клепачы[2] (Пружанскі раён Брэсцкай вобласці) ў вёску Мачуліна Краснасельскага пасялковага савета Ваўкавыскага раёна, дзе ўзяў на борт супрацоўніка МУС, які ўдзельнічаў у пошуках жанчыны. Пасля выканання задання камандзір паветранага судна вярнуўся на пляцоўку ў Мачуліне для высадкі пасажыра.
Атрымаўшы па тэлефоне дазвол на пералёт на кропку базавання ў Клепачы, а 17:00 пілот вылецеў, аднак у парушэнне палётнага задання накіраваўся не ў паўднёвым кірунку, а ў паўночна-заходнім, да г.п. Рось[2]. Цягам 1,5 хвілін самалёт выконваў манеўры на малой вышыні над жылымі масівамі і прылеглай тэрыторыяй. Пры выкананні аднаго з левых разваротаў самалёт страціў астатнюю вышыню і ўпаў на дах гаража, размешчанага ў гаражным каапэратыве па вуліцы Чырвонаармейскай. Пілот загінуў на месцы авіякатастрофы. У выніку сутыкнення пашкоджана перакрыццё гаража і аўтамабіль ДЭУ, які знаходзіўся ў ім. Пацярпелых сярод мясцовага насельніцтва няма.
Самалёты Х-32 Бекас выпускае ўкраінская фірма «Ліліенталь». Серыйна выпускаецца з 1993 года. Лёгкі шматмэтавы двухмесны самалёт. Максімальная хуткасць — 180 км/г, максімальная вышыня палёту — 4 км.
За апошнія гады ў Беларусі, Расіі і Украіне зафіксаваныя 4 выпадкі крушэння самалётаў БЕКАС Х-32. Ва ўсіх выпадках пілёты гінулі[3].
Пілот — 47-гадовы Аляксандар Сафонаў, былы вайсковы лётчык. Меў стаж лётнай працы з 1985 г; агульны налёт 1259 гадзін 21 хвіліну, а на дадзеным тыпе паветранага судна — 110 гадзін 43 хвіліны. Авіяцыйных здарэнняў у грамадзянскай авіяцыі ў мінулым не меў[2].
Следства разглядала тры версіі:
Было ўстаноўлена, што пілот у парушэнне патрабаванняў эксплуатацыі манеўраваў на хуткасцях меней дапушчальных у дадзеных умовах і выконваў манеўры з вугламі крэну болей максімальна дапушчальных[5]. Такім чынам, аварыя адбылася ў выніку недысцыплінаванасці і памылкі камандзіра самалёта, дапушчанай на малой вышыні, недастатковай для выхаду ў гарызантальны палёт[6].