wd wp Пошук:

Караль Карыцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Карыцкі. Караль Фларыян Карыцкі (3 лістапада 1702, маёнт. Дзітрыкі — 10 снежня 1789, Рым) — буйны дезяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў, пісьменнік, педагог.

Біяграфія

Навучанне і пачатак педагагічнай дзейнасці

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Сын Аляксандра и Тэрэсы, брат Міхала Карыцкага. 29 чэрвеня 1717 г. у Вільні ўступіў у Таварыства Ісуса. Прайшоўшы двухгадовае выпрабванне ў навіцыяце, пад кіраўніцтвам прафесара Багуслава Гізберта авалодваў педагагічным майстэрствам у настаўніцкай семінарыі, якая працавала ў Слуцкім езуіцкім калегіуме. У 1720—1723 гг. вывучаў філасофію ў Полацкім езуіцкім калегіуме, пасля чаго выкладаў граматыку і паэтыку ў езуіцкіх навучальных установах Вільні і Варшавы. З 1726 па 1730 гг. праходзіў курс тэалогіі ў Варшаве, дзе ў 1729 г. быў высвечаны на ксяндза[2].

Варшаўска-віленскі перыяд

Імкнучыся да адраджэння мастацтва красамоўства, К. Ф. Карыцкі пачаў у Варшаве выкладаць рыторыку (1730—1732). Польскі гісторык Ян Альбертрандзі назваў яго «першым майстрам навук і густу ў езуіцкай літаратуры на Літве» (польск.: „pierwszym mistrzem nauk i gustu w literaturze jezuickiej na Litwie”)[2]. У 1732 г. атрымаў у Віленскай акадэміі ступень магістра філасофіі і вольных навук, роўную доктарскай ступені, і пасаду прафесара этыкі (1732—1733)[2]. Выкладаў рыторыку клірыкам-езуітам у настаўніцкай семінарыі (1733—1735) і быў прэфектам школ (1735—1736) у Слуцку. Некаторы час працаваў прыдворным прапаведнікам Радзівілаў. Прафесар філасофіі ў Віленскай акадэміі (1736—1739), Пасля пераезду ў Варшаву — прафесар тэалогіі і кіраўнік маральных дыскусій (1739—1744), прапаведнік і прэфект бібліятэкі (1744—1746) у мясцовым калегіуме[3].

Кар’ера ў Таварыстве Ісуса

У 1746 г. пераведзены ў Рым на пасаду польскага пенітэнцыярыя ў базіліцы Св. Пятра, якую займаў на працягу 9 гадоў (1746—1755). Калі ў 1755 г. пачалося стварэнне асобнай Польскай асістэнцыі Таварыства Ісуса (А. — буйнейшая арганізацыйная адзінка Ордэна езуітаў; да 1756 г. тэрыторыя Рэчы Паспалітай адносілася да Нямецкай асістэнцыі[4]), быў прызначаны сакратаром Тамаша Дуніна, першага Польскага асістэнта ў Рыме (1755—1758). У 1758 г. удзельнічаў у ХІХ генеральнай кангрэгацыі Таварыства Ісуса, на якім быў абраны новы галава ордэна — Ларэнца Рычы[3].

Пасля таго, як у 1758 г. з Літоўскай правінцыі была вылучана асобная Мазавецкая правінцыя, К. Ф. Карыцкі быў прызначаны спачатку Мазавецкім віцэ-правінцыялам (1758—1759), а потым і правінцыялам (1759—1763). З 1763 па 1765 гг. — рэктар Нясвіжскага езуіцкага калегіума. У 1765 г. вярнуўся ў Рым, дзе заняў пасаду асістэнта (1765—1773) Ларэнца Рычы, генерала ордэна.

Паезуіцкі перыяд жыцця

Пасля апублікавання папам Кліментам XIV брэвэ Dominus ac Redemptor і скасавання Таварыства Ісуса (1773) К. Ф. Карыцкі разам з генералам апальнага ордэна і іншымі асістэнтамі за супрацьдзеянне папскай волі быў зняволены ў замку Св. Міхала Анёла ў Рыме. Вызвалены ў лютым 1776 г., жыў на папскім пансіёне ў былым езуіцкім Доме прафесаў у Рыме[2][3].

Апошнія гады правёў у Рыме на пенсіёне папы. Падтрымліваў сувязі з езуітамі ў Расійскай імперыі, пераконваў іх у законнасці існавання ордэна. Выступаў супраць падпарадкавання езуітаў біскупу С. Богуш-Сестранцэвічу, заахвочваў іх да стварэнне уласнай адміністрацыйнай арганізацыі[2][5].

Творчасць

Аўтар драматычнай пастаноўкі для школьнага тэатра — Rhetor Mediolanensis D. Augustinus in scenam inductus a rhetoribus Regii Coll. Varsaviensis SJ, Anno 1732 — Dramat II, 1, nr 497. Апублікаваў шмат панегірыкаў у Auriflamma in Aurelii flamma enitescens, sub vexillo coronati Leopardi Nomini… Petri Kczewski, Palatinidae Mariaeburgensis… in Atheneo Regio Varsaviensi, 1727. Пасля смерці Ігнація Улодка выдаў яго працу O naukach wyzwolonych (1780).

У бібліятэцы Духоўнай семінарыі ў Кельцы у рукапісах захоўваецца некалькі тэалагічных трактатаў, якія адносяцца да часу яго выкладання ў Варшаве (1739—1744). У Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (AGAD) захавалася частка яго ліставання з Радзівіламі ад 1758—1769 гг. Асабістыя лісты К. Ф. Карыцкага ў Полацк да Станіслава Чарневіча захоўваюцца ў Рымскім архіве Таварыства Ісуса(ARSI) i Архіве Таварыства Ісуса ў Кракаве (ATJKr)[6].

Зноскі

  1. Karol Florian Korycki // NUKAT — 2002.
  2. 1 2 3 4 5 Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie -Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 82-83.
  3. 1 2 3 Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  4. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  5. Пазднякоў, В. Карыцкі Кароль Фларыян / В. Пазднякоў // Электронная энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае»
  6. Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie — Wydawnictwo WAM, 2017. — s. 83-84.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Езуіты Беларусі
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Дактары філасофіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1789 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Рыме
Катэгорыя·Артыкулы пра пісьменнікаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзітрыках (Тарноўскі сельсавет)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1702 годзе
Катэгорыя·Памерлі 10 снежня
Катэгорыя·Выпускнікі Полацкага езуіцкага калегіума
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 3 лістапада