wd wp Пошук:

Капыльска-Клецкі строй

Капыльска-Клецкі строй на паштовай марцы Беларусі

Капыльска-Клецкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у XIX — пачатку XX стст. Пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім раёнах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання.

Жаночы гарнітур

Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), з адкладным шырокім каўняром, з глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геаметрычны (радзей раслінны і з выявамі птушак, фігураў людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах (гарызантальнымі і вертыкальнымі палосамі ў шахматным парадку) і на каўняры. Андaрак шылі з 4 (кроеных па аснове) або 2 (кроеных па ўтку) полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных пасак або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне.

Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геаметрычным арнаментам. Крой і мастацкае аздабленне льняной спадніцы і андарака падобныя. Андарак і спадніцу прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала пэўныя танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1-2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкаратыўныя клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фалдаваннем, складкамі. Гарсэт шылі з сініх, зялёных, блакітных, малінавых крамных тканінаў (шарсцянка, сацін, шоўк), кароткім (вышэй лініі таліі, часцей без баскі) з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі разнаколерных тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчынаў — шоўкавыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна, разнаколерных стужак; наміткі, хусткі. Нагруднымі і шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, тасёмкі, абразкі.

Мужчынскі гарнітур

Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геаметрычнага арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле (насілі навыпуск, падпярэзвалі шырокім узорыстым поясам з кутасам) і нагавіцы. Паверх кашулі апраналі камізэльку. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы (брылі), картузы, кучомкі, аблавухі.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Культура Уздзенскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Клецкага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Нясвіжскага раёна
Катэгорыя·Цэнтральная Беларусь
Катэгорыя·Культура Капыльскага раёна
Катэгорыя·Беларускі касцюм
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Гісторыя Капыльскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Культура Нясвіжскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Уздзенскага раёна
Катэгорыя·Культура Клецкага раёна