wd wp Пошук:

Капліца Святой Ефрасінні Полацкай

Капліца Святой Ефрасінні Полацкай — збудаванне ў горадзе Рэчыца, Беларусь.

Гісторыя

Пабудавана на гістарычным месцы, дзе ў 1910 годзе спынялася флатылія, якая перавозіла з Кіева ў Полацк мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай. Першапачатковая аўтарская назва манумента — Юбілейная капліца. Па задуме аўтара ўзвядзенне яе было прымеркавана да некалькіх найважнейшых гістарычных дат — 1000-годдзя Хрышчэння Русі, 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў і ахвярам Чарнобыльскай катастрофы. Але ў народзе, праз вобраз вялікай святой, незаўважна зацвердзілася іншая назва — капліца Ефрасінні Полацкай.

Адкрыццё і асвячэнне капліцы адбылося 2 верасня 1995 года.

Архітэктура

Помнік уяўляе сабой зборна-разборную канструкцыю, вырабленую ў Мінску па сучаснай тэхналогіі з нержавеючай сталі і латуні. Вышыня капліцы — 24 метры 24 сантыметры.

Кампазіцыя капліцы задумана аўтарам наступным чынам: чатыры апоры ступеніста сімвалізуюць развіццё жыцця і думкі па спіралі. У іх па нарастальнай упісаны абліччы 12-ці беларускіх святых і асветнікаў. Чацвёра з іх — епіскапы полацкія Міна і Дыянісій, Кірыла Тураўскі і Елісей Лаўрышаўскі кананізаваныя як праваслаўнай, так і каталіцкай цэрквамі. у ліку асветнікаў такія яркія асобы, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Леў Сапега, Гаўрыіл Беластоцкі, Францыск Скарына і ўраджэнец Беларусі першадрукар Іван Фёдараў. Вянчае кампазіцыю арэол душы святой Ефрасінні Полацкай, якая трымае крыж, накіраваны да Бога. У цэнтры капліцы паміж апорамі ўсталяваны крыж з моранага дуба.

Архітэктурная ідэя храма — саборнасць, якая ўвасабляецца ў дынамічна-асіметрычнай вертыкальнай кампазіцыі, заснаванай на авангарднай інтэрпрэтацыі матыву старажытнарускага царкоўнай архітэктуры — аркатуры (метал, бетон). Вертыкальнай дамінантай з’яўляецца высокая зграбная арка-ніша, у верхняй частцы якой — выява Ефрасінні Полацкай. Арка-шпіль падтрымліваецца каскадам рознавялікіх арачных пілонаў. Расчлянёныя на 3 арачныя праслы-закамары, яны ў арачных нішах наверсе запоўнены выявамі святых. Генетычная сувязь з праваслаўным дойлідствам прасочваецца ў сегментарным купальным пакрыцці пілонаў. У капліцы на кубападобным пастаменце пастаўлены крыж.

Капліца ўзведзена на пляцоўцы прамавугольнай формы, абсыпанай жвірам. З чатырох бакоў да помніка вядуць прыступкі, паміж імі разбіты кветкавыя клумбы.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Капліцы Гомельскай вобласці
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·1995 год у Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1995 годзе
Катэгорыя·Культавыя збудаванні Рэчыцы
Катэгорыя·Храмы Святой Ефрасінні Полацкай
Катэгорыя·Артыкулы без спасылак на Глобус Беларусі