Канфлікт у Бенішангуль-Гумуз — узброены канфлікт на тэрыторыі эфіопскага штата Бенішангуль-Гумуз. Асноўныя баявыя дзеянні адбываюцца ў зоне Метэкел[3].
У штаце Бенішангуль-Гумуз пражывае мноства розных этнасаў, у тым ліку берта, гумуз, шынаша, мао, квама і фадашы. Гумуз мелі напружаныя адносіны з народнасцямі амхара, арома, тыграі і агаў, якія прысутнічалі пераважна ў зоне Метэкел. Буйнамаштабнае набыццё зямлі мясцовымі і замежнымі інвестарамі выцесніла гумузцаў з іх родных тэрыторый[14][15]. У сувязі з гэтым, у 2002 годзе была перагледжана канстытуцыя рэгіёну, у адпаведнасці з якой гумуз, шынаша, берта, квама і мао былі абвешчаныя «ўласнікамі» і пазбаўленыя грамадзянскіх правоў ўсе іншыя этнічныя групы, абмежаваўшы іх у эканамічнай і палітычнай сферах[16]. Папраўкі і змяненні асноўнага закона развязалі рукі гумузцам, якія разгарнулі тэрор супраць меншасцяў. Атрады апалчэнняў «Буадын» і «Фронту вызвалення Гумуза» актыўна займаліся забойствамі прадстаўнікоў прышлых народаў[17][2][18]. Мясцовыя ўлады прызналі сваю датычнасьць да міжнацыянальнага канфлікту, афіцыйна папрасіўшы прабачэння за арганізацыю этнічных забойстваў. Урад рэгіёну апраўдваў гэта як спосаб даць адпор кіруючай Партыі росквіту, якая нібыта планавала ліквідаваць сістэму этнічнага федэралізму[14]. Некаторыя прадстаўнікі народа амхара заклікалі да ўключэння Метэкела ў склад штата Амхара. Лідар амхарскай групоўкі «Фано» пад назвай Фано, Саламон Атанаў, заявіў у сакавіку 2020 года, што Фано не раззброіцца, калі зона Мецякел не будзе часткай рэгіёну Амхара[19].
Прыкладна ў гэты ж час федэральны ўрад разгарнуў вайну з Народным фронтам вызвалення Тыграя. Улады часта абвінавачвалі яго ў праблемах па ўсёй краіне[15]. Ашадлі Хусейн, прэзідэнт рэгіёну Бенішангуль-Гумуз, заявіў, што НФВТ нясе асноўную адказнасць за падзеі ў Метэкел. Нібыта партыя дапамагае мясцовым апалчэнцам[3].
На тэрыторыі рэгіёну была пабудавана ГЭС Хідасэ, якая выклікала напружанасць у адносінах з суседнімі Суданам і Егіптам з-за ўздзеяння плаціны на раку Ніл. Падчас канфлікту Судан прад’явіў прэтэнзіі на Губінскі раён у зоне Метэкел, дзе знаходзіцца ГЭС, спасылаючыся на меркаванне, што гэтая вобласць была падораная эфіопскаму імператару Менеліку II суданскім уладарам Халіфа Абдулахі[14]. Федэральны ўрад Эфіопіі абвінаваціў егіпецкія ўлады ў датычнасці да масавых забойстваў[20].
22 снежня 2020 года прем’ер-міністр Абій Ахмед Алі правёў перамовы з жыхарамі рэгіёну, а таксама шэрагам службовых асоб, запусціўшы працэс мірнага ўрэгулявання канфлікту[32]. Адначасова пачалося стварэнне камітэта па прымірэнні жыхароў Бенішангуль-Гумуз і Амхара[33]. Да канца лютага 2021 года ў горадзе Гілгіл Белес, сталіцы зоны Мэтэкел, было праведзена некалькі форумаў міру. Федэральны ўрад прыступіў да стварэння «шматэтнічнага апалчэння самаабароны», якое па стане на люты 2021 года налічвала 9000 чалавек. Міліцыя павінна была прадухіляць міжэтнічныя сутыкненні і дапамагаць сілавым структурам у ахове бяспекі грамадзян[15].
Па стане на люты 2021 года[15], больш за сто тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, яшчэ 7 тысяч беглі ў суседні Судан[14].