wd wp Пошук:

Заходне-Еўрапейская платформа

Заходне-Еўрапейская маладая платформа — платформавая вобласць з палеазойскім складкавым фундаментам і мезазойска-кайназойскім (месцамі верхняпермскім) чахлом, якая знаходзіцца ў Заходняй і Сярэдняй Еўропе паміж альпійскімі складкавымі збудаваннямі Пірэнеяў і Альпаў на паўднёвым захадзе і поўдні, акіянскімі плітамі катлавіны Нансена і Баранцава мора на поўначы і краявым швом (лінія Тэйсейра—Торнквіста) Усходне-Еўрапейскай старажытнай платформы на ўсходзе. Для яе характэрна рэзка акрэсленая блокавая будова: платформа разбіта на высока ўзнятыя масівы (Багемскі, Рэйнскі, Армарыканскі, Цэнтральны) і выступы (Гарц, Вагезы, Шварцвальд) і глыбока апушчаныя ўпадзіны (Польска-Германская, Паўднёва-Германская, Парыжская, Аквітанская, Цюрынгская, Субгерцынская). У межах платформы развіты рыфтавыя сістэмы: кайназойская рэйнская і мезазойская паўночнаморская. 3 паўночнаморскай звязаны буйнейшыя радовішчы нафты і газу. Да адкладаў цэхштэйна (верхняя перм) прымеркаваны буйныя радовішчы каменнай і калійных солей, да каменнавугальных адкладаў — каменны вугаль, пермскіх і неагенавых — буры вугаль.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Геалогія Еўропы
Катэгорыя·Тэктоніка