wd wp Пошук:

Жан Віктор Маро

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Маро (французскае прозвішча). Не блытаць з брыгадным генералам Маро. Жан Віктор Марó (фр.: Jean Victor Marie Moreau; 13 лютага 1763 — 2 верасня 1813) — генерал Першай французскай рэспублікі, галоўны праціўнік Суворава ў Італьянскім паходзе, генерал-фельдмаршал Расійскай Імперыі (1813), Маршал Францыі (1814, пасмяротна).

Біяграфія

Жан Віктор Маро нарадзіўся 13 лютага 1763 года ў Марле ў сям’і адваката.

У 1791 годзе паступіў у нацыянальную гвардыю батальённым камандзірам; у 1793 адпраўлены са сваім батальёнам у армію Пішэгру, дзе хутка атрымаў чын дывізіённага генерала і прызначаны камандуючым правым флангам Паўночнай арміі, а пасля заваявання Галандыі прызначаны начальнічаць той жа арміяй.

У 1794 годзе пад Туркуэнам рэвалюцыйныя французы на чале з Маро разграмілі аўстрыйцаў і англічан.

У 1796 быў пастаўлены на чале Рэйн-мозельскай арміі, якая разам з Самбр-мааскай арміяй Журдана прызначалася для дзеянняў супраць аўстрыйцаў. З чэрвеня да жніўня дзякуючы шэрагу перамог Маро непрыяцель адціснуты быў да Дуная; а калі армія Журдана была разбіта аўстрыйцамі, Маро здзейсніў сваё знакамітае 40-дзённае адступленне праз Шварцвальдскія цясніны да Рэйна; адзін з сучаснікаў гаварыў: «Адступленне яго было адным з найвыдатнейшых стратэгічных рухаў, калі-небудзь здзейсненых».

Маро ў бітве пры Гоэнліндэне

У 1799 ён замяніў Шэрэра ў камандаванні французскай арміяй у Паўночнай Італіі, але быў пераможаны Суворавым у бітве на рацэ Ада і адступіў да Генуэзскай Рыўеры.

Калі генерал Жубер, які змяніў яго, быў забіты ў пачатку бітвы пры Нові, Маро прыняў камандаванне, але быў разбіты і рэшткі арміі адвёў у Францыю.

У 1800 годзе Напалеон Банапарт прызначыў яго галоўнакамандуючым Рэйнскай арміяй, з якою ён, атрымаўшы некалькі перамог над аўстрыйцамі, заняў Рэгенсбург і Мюнхен. 3 снежня атрымаў пры Гоэнліндэне рашучую перамогу над аўстрыйцамі, а затым, падышоў на 75 вёрст да Вены і заключыў з эрцгерцагам Карлам перамір’е, за якім неўзабаве быз заключаны Люневільскі мір.

Напалеон Банапарт, які бачыў у Маро свайго саперніка, абвінаваціў яго ва ўдзеле ў змове Шарля Пішэгру і Жоржа Кадудаля. Генерал быў прысуджаны да турэмнага зняволення, якое Напалеон замяніў выгнаннем.

Праз Іспанію Маро з’ехаў за акіян у 1804 годзе.

Раненне і смерць

Пражыўшы некалькі гадоў у ЗША, у мястэчку Морысвіл каля Філадэльфіі, ён у 1813 годзе вярнуўся ў Еўропу па запрашэнні імператара Аляксандра I для таго, каб узначаліць армію саюзнікаў. Знаходзіўся ў ролі саветніка пры галоўнай кватэры саюзных манархаў, у бітве пры Дрэздэне 15 (27) жніўня быў смяротна паранены ядром.

Луі-Шарль-Агюст Кудэр.
Смерць генерала Маро
Помнік у Дрэздэне, на месцы, дзе быў смяротна паранены генерал Маро.

Паводле легенды, Напалеон, які ўбачыў здрадніка ў падзорную трубу, асабіста зарадзіў ядро. У фатальную хвіліну Маро і Аляксандр I на канях стаялі на ўзгорку, які займала аўстрыйская батарэя. Маро заўважыў, што французы прыстрэльваюцца па іх, і параіў імператару з’ехаць; Аляксандр рушыў услед за Маро, і ў гэты момант французскае ядро адарвала генералу правую нагу, прайшло навылёт праз каня і моцна параніла левую галёнку. Гэты выстрал стаў для Маро фатальным.

Смяротна параненага Маро аднеслі ў вёску Каіц, дзе лейб-медык Віліе ампутаваў яму абедзве ногі, але праз два тыдні пасля аперацыі Маро памёр.

Пахаванні і грабніца

Мемарыяльная дошка для грабніцы фельдмаршала Маро ў касцёле Св. Кацярыны Александрыйскай у Санкт-Пецярбургу. Перададзена касцёлу 13 ліпеня 2017 года генеральным консулам Францыі.

Па распараджэнні імператара Аляксандра I цела Маро, было дастаўлена ў Санкт-Пецярбург і пахавана ў каталіцкай царкве Св. Кацярыны. Такім чынам, два камандуючыя варожымі арміямі — Сувораў і Маро — пахаваны ў адным горадзе і ў раёне адной яго магістралі (Неўскі праспект), толькі ў розных яе канцах. На іншым баку Неўскага праспекта, амаль насупраць, у Казанскім саборы пахаваны фельдмаршал Кутузаў.

У 1814 годзе Людовік XVIII пасмяротна прысвоіў Маро і Жоржу Кадудалю званні маршала Францыі.

13 ліпеня 2017 года генеральны консул Францыі Цібо Фур’ер перадаў базіліцы Св. Кацярыны мемарыяльную дошку для ўстаноўкі на грабніцы фельдмаршала Маро[2][3][4].

Зноскі

  1. Моро Жан Виктор // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  2. У базіліцы Св. Кацярыны на Неўскім усталявалі мемарыяльную дошку фельдмаршалу Маро
  3. Памятная дошка фельдмаршалу Маро
  4. Генконсул падарыў памятную дошку на магілу Маро. Перадача НТБ

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 лютага
Катэгорыя·Матэрыялы ЭСБЕ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў Новай Аквітаніі
Катэгорыя·Імёны, высечаныя пад Трыўмфальнай аркай (Парыж)
Катэгорыя·Памерлі ў 1813 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы для абнаўлення
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 2 верасня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў дэпартаменце Фіністэр
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без подпісу
Катэгорыя·Генералы Французскай рэвалюцыі
Катэгорыя·Памерлі ў Чэхаславакіі
Катэгорыя·Постаці Вялікай французскай рэвалюцыі
Катэгорыя·Маршалы Францыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1763 годзе
Катэгорыя·Загінулі ў баі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных