wd wp Пошук:

Ева Вежнавец

Ева Вежнавец, сапраўднае імя Святлана Курс (нар. 1972, в. Загалле, Любанскі раён) — беларуская пісьменніца, журналістка.

Біяграфія

Працавала ў «Нашай Ніве», потым 13 год на «Еўрарадыё». Галоўная рэдактарка часопіса Беларускага Хельсінкскага камітэта «Чалавек» (1996—1999). Аўтарка выданняў «Наша Ніва», «Свабода», «ARCHE», «Наша гісторыя», «Дзеяслоў», арт-праекта «Партызан», радыё «Свабода» і «Еўрарадыё», тэлеканала Белсат (1999—2020).

Жыве ў Польшчы. У 2020 годзе стала дапамагаць сталым людзям у сувязі з пандэміяй каранавірусу[1].

Творчасць

Піша прозу.

У першым нумары часопісу «Аrche» ў 1998 годзе было апублікавана яе першае апавяданне «Мы два Хохлікі».

Суаўтарка зборніка практык тэатральных і вулічных хэпенінгаў «Cвабода без цябе» (2003).

У зборніку апавяданняў «Шлях дробнай сволачы» (2008) Ева Вежнавец вывела галерэю нетыповых жаночых вобразаў. Яе моцныя, трывалыя гераіні шукаюць саміх сябе, спрабуюць выжыць у краіне «дробнай сволачы» і гатовыя на выпрабаванні.

У 2015 годзе ў Нашай Ніве апублікавала сваё апавяданне «Параска і яе чорны бык», не пад псеўданімам, а пад сапраўдным прозвішчам[2].

Як перакладчыца супрацоўнічае з Інстытутам Тэатральным імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве (2019). Дзяячка, аўтарка і перакладчыца Таварыства Маладых Творцаў «Да Тэатра» ў Познані.

У 2020 стала адной з дзвюх першых аўтарак выдавецкага праекта Святланы Алексіевіч «Пфляўмбаўм»[3], у межах якога выйшла аповесць «Па што ідзеш, воўча?» (2020). Жанр яе акрэслены як «балотная казка». Галоўная гераіня, алкагалічка сярэдніх гадоў, займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе і з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабулі-варажбіткі ў беларускую глушэчу. Тут ёй наканавана выправіць старыя грахі, пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць.

Бібліяграфія

«Шлях дробнай сволачы» (Мінск, «Логвінаў», 2008)

«Па што ідзеш, воўча?» (Мінск, «Пфляўмбаўм»/ «Цымбераў», 2020)

Узнагароды

Стыпендыятка літаратурнай рэзідэнцыі Villa Aurora und Thomas Mann House, фінансаванай Міністэрствам замежных спраў і дзяржаўным упаўнаважаным па культуры Федэратыўнай Рэспублікі Германія (2013). Лаўрэатка Творчага конкурсу Беларускай асацыяцыі журналістаў «Вольнае слова» (2018).

Уганараваная Прэміяй Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове за кнігу «Па што ідзеш, воўча?» (2020).

Зноскі

  1. «Старасць прыходзіць, як зіма». Як беларуская журналістка і пісьменніца стала апякункай для старых палякаў
  2. Святлана Курс, раней Ева Вежнавец, упершыню апублікавала апавяданне пад сваім імем, Наша Ніва, 20.06.2015
  3. Чаго чакаць ад выдавецтва, якое адкрывае Святлана Аляксіевіч?, 34mag.net 14.01.2020

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Імігравалі ў Польшчу з Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1972 годзе
Катэгорыя·Супрацоўнікі Еўрапейскага радыё для Беларусі
Катэгорыя·Супрацоўнікі газеты «Наша Ніва» (1991)
Катэгорыя·Пісьменніцы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Пісьменнікі без мовы твораў
Катэгорыя·Журналісты Беларусі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі імя Ежы Гедройца
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Любанскім раёне