Дунаец (славацк.: Dunajec, польск.: Dunajec) — рака ў Славакіі і Польшчы. Даўжыня — 274 км, плошча басейна ракі — 6804 км² (4,8 тыс. км² ў Польшчы, і 1,9 тыс. км² у Славакіі).
Па вярхоўі Дунайца ў Пенінах праходзіць участак польска-славацкай мяжы.
Рака ўтвараецца зліццём ля горада Новы Тарг Чорнага Дунайца і Белага Дунайца, якія сцякаюць з паўночных схілаў Татр, вусце — на Вісле каля вёскі Апатовец. Працякае праз Заходнія Бескіды, у нізоўях — па Сандамірскай нізіне.
Дунаец вызначаецца значнымі і хуткімі ваганнямі ўзроўню вады (да 11 м у нізоўях) і аб’ёму патоку. Ля г. Новы Тарг сярэдні расход вады 14 м³/с пры мінімальным 1,6 м³/с і максімальным 604 м³/с, у вусці сярэдні расход вады 84 м³/с пры максімальным 3500 м³/с. Такія рэзкія ваганні прыводзяць да катастрафічных паводак (у 1934 і 1970 гадах). Галоўны прыток — Попрад.
На Дунайцы стаяць гарады Новы Тарг, Закапанэ і Новы Сонч, некалькі ГЭС. У 1995 годзе завершаны работы над 56-метровай дамбай, якая стварае Чарштынскае вадасховішча плошчай каля 11 км²; на дамбе працуе ГЭС магутнасцю 92 МВт.
Артыкулу не хапае спасылак на крыніцы. Звесткі мусяць быць правяральнымі або іх могуць выдаліць. Вы можаце адрэдагаваць артыкул, дадаўшы спасылкі на аўтарытэтныя крыніцы. Шаблон пастаўлены 23 чэрвеня 2022 года. |