Дона Луіза Тарт (англ.: Donna Louise Tartt; нар. 23 снежня 1963) — амерыканская пісьменніца, лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі 2014 года за раман «Шчыгол»[4].
Нарадзілася 23 снежня 1963 года ў Грынвудзе, штат Місісіпі, ЗША, вырасла ў горадзе Грынейдзе са сваёй сястрой. Яе бацька, Дон Тарт, быў музыкантам і працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, а маці, Тэйлар Тарт, была сакратаркай. Першы раз Дона апублікавала твор, калі ёй было трынаццаць гадоў, у 1976 годзе ў часопісе «Літаратурны агляд Місісіпі»[5][6][7].
У 1981 годзе паступіла ва ўніверсітэт Місісіпі і стала чальцом брацтва «Капа Капа Гама». У 1982 годзе перайшла ў Бенінгтанскі каледж (штат Вермонт, ЗША), які спецыялізуецца ў вобласці вольных мастацтваў. У 1986 годзе скончыла каледж па спецыяльнасці класічнай філалогіі.
У 1992 годзе выдала першы раман «Таемная гісторыя» (англ.: The Secret History), якія стаў бестсэлерам і быў перакладзены на 24 мовы. У 2002 годзе выйшаў другі раман «Маленькі сябар» (англ.: The Little Friend).
У 2013 годзе апублікавала трэці раман «Шчыгол» (англ.: The Goldfinch), у 2014 годзе раман атрымаў Пулітцэраўскую прэмію. Кампаніі Warner Bros. і RatPac Entertainment набылі правы на экранізацыю кнігі, фільм выйшаў у 2019 годзе.