wd wp Пошук:

Дзіцячы фальклор

Дзіцячы фальклор — від вуснай народнай паэзіі, творчасць дзяцей і творы, складзеныя для іх дарослымі. Найбольш старажытны від народнай вусна-паэтычнай творчасці, якая ўвабрала шматвяковы педагагічны і паэтычны вопыт народа.

Творы

Творы дзіцячага фальклору падзяляюць на 3 групы: паэзія даставання (калыханкі, забаўлянкі), гульнёвы фальклор (дзіцячыя гульні, лічылкі, згаворы), творы, не звязаныя з гульнямі (песенькі, дражнілкі, заклічкі, некаторыя загадкі і казкі, асабліва казкі пра жывёл).

Дзіцячаму фальклору ўласціва спалучэнне пазнавальна-выхаваўчай функцыі з мнеманічнай і эстэтычнай. Пазнавальна-выхаваўчы характар твору вызначае мастацкую форму, рытміку, вобразную сістэму і падбор моўных сродкаў. Для дзіцячага фальклору характэрна сінкрэтычнасць: элементы музыкі, танца, драмы (жэсты, міміка) спалучаюцца з музыкальнай паэтычнай мовай, багатай і простай арганізацыяй верша, што актыўна ўплывае на пачуцці і розум дзяцей. На змест і форму кожнай групы твораў таксама ўплываюць асаблівасці псіхалогіі і светаўспрымання дзяцей у залежнасці ад узросту (калыханкі і забаўлянкі саступаюць месца самастойным дзіцячым гульням і забавам). У наш час у дзіцячы побыт усё больш пранікаюць творы прафесійнага мастацтва для дзяцей, дзіцячай літаратуры.

Калыханкі

Асноўны артыкул: Калыханка Калыха́нка — адзін з жанраў дзіцячай літаратуры; простая паводле зместу і выяўленчых сродкаў пяшчотная песенька, пад якую маці закалыхваюць сваіх дзяцей. Дзякуючы калыханцы дзіця хутчэй i лягчэй авалодвае роднай мовай, атрымлівае першыя ўяўленні пра навакольны свет, развівае пачуццё моўнага i музычнага рытму, знаёміцца з асновамі паэтычнай творчасці (рытм, рыфма, гукапіс).

Забаўлянкі

Забаўлянкі, пацешкі — кароткія вершаваныя прыгаворы або песенькі, якімі забаўляюць і суцяшаюць дзіця. Забаўлянкі ўзбуджаюць у дзіцяці эмоцыі, прывучаюць да першых самастойных рухаў, знаёмяць з навакольным светам. Умоўна падзяляюцца на звязаныя з рознымі гульнёвымі рухамі («Ладачкі») і на творы, якія пацяшаюць толькі гучаннем («Ходзіць бай па сцяне»). Як і ў калыханках, у іх яскрава выяўляецца імправізацыя. Часцей сустракаюцца дыялагічныя і апавядальныя забаўлянкі, насычаныя экспрэсіўна-эмацыйнай лексікай, рэфрэнамі, у іх шмат гукапераймальных і дзіцячых слоў, пры гэтым асноўная сэнсавая нагрузка прыпадае на дзеяслоўныя формы. Канкрэтнасць адлюстравання абумовіла вобразныя сродкі паэтычнай мовы: эпітэты па знешняй прыкмеце, гіпербалы, літоты і інш., сустракаюцца элементы алегорыі.

Дражнілкі

Дражнілкі — кароткія, найчасцей аднастрофныя вершаваныя творы сатырчнага характару. У іх жартам высмейваецца «супраціўнік», яго імя, знешні выгляд, рысы характару (часам скіраваны на птушак і звяроў). Маюць генетычную сувязь з даўняй традыцыяй мянушак, уласцівым фальклору народным гумарам. Дражнілкі выразна функцыянальныя, што вызначае іх сэнс і форму. Характэрныя іх кампаненты — рэчытатыўнае скандаванне, выразны рытм, яркая рыфма, шматразовае паўтарэнне. Дражнілкам уласцівы перавелічэнні, літота, насычанасць параўнаннямі, ужыванне дадаткаў-азначэнняў.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Фальклор
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Дзіцячая культура
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам