Дзі́кушкі[1], таксама сустракаецца варыянт Дзіку́шкі[1] (трансліт.: Dzikuški, руск.: Дикушки) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Ходараўскага сельсавета.
Граф Рафал Грабоўскі пабудаваў уніяцкую Праабражэнскую мураваную царкву ў вёсцы Дзікушкі. Асвечана царква была ў 1840 г. ужо як праваслаўная.
Па смерці ягонага сына Станіслава Грабоўскага (1917) частка маёмасці дасталася Мінейкам. Дзікушкамі валодаў інжынер Аляксандр Мінейка, які пабудаваў перад 1939 годам вялікі, мураваны і прыгожы дом. Сядзібны дом Мінейкі быў пабудаваны ў стылі неакласіцызму з размахам і элементамі вонкавага дэкору.
Пасля Другой сусветнай вайны на першым паверсе дома Мінейкі арганізавалі калгасную кантору, а на другім вясковы клуб і бібліятэку. Гэтак было да моманту аб’яднання калгаса «Беларусь» з ходараўскім калгасам «Прагрэс», бо пасля аб’яднання сумесная калгасная кантора пераехала ў вёску Ходараўцы. Пасля гэтага на другім паверсе яшчэ два гады працавала бібліятэка, а ўнізе, у актавай зале, калі-нікалі паказвалі кіно. Потым дом закінулі.