У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Лебядзевіч. Дзмітрый Мікалаевіч Лебядзевіч (6 кастрычніка 1958, в. Замасцяны, Шчучынскі раён — 27 мая 2020, Гродна) — беларускі літаратуразнавец, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1997).
З сялянскай сям’і. Рана страціў бацькоў, выхоўваўся ў сям’і дзеда. Скончыў сярэднюю школу у в. Першамайская Шчучынскага раёна ў 1977 годзе. У 1977—1981 гадах вучыўся ў Гродзенскім медыцынскім вучылішчы, у 1978—1980 служыў у войску. У 1981-83 гадах працаваў фельчарам у Гродзенскім доме-інтэрнаце. У 1983—1986 гадах выкладаў рускую мову і літаратуру ў Навасёлкаўскай СШ Гродзенскага раёна, у 1986-89 гадах — беларускую мову і літаратуру ў Каменскай СШ Гродзенскага раёна, з 1987 — намеснік дырэктара гэтай школы.
У 1988 годзе завочна скончыў аддзяленне беларускай і рускай мовы і літаратуры філфака Гродзенскага ўніверсітэта. З 1989 года выкладаў на кафедры рускай і замежнай літаратуры гэтага ўніверсітэта, у 1991-92 — намеснік дэкана філфака. З 1993 — на кафедры беларускай літаратуры ўніверсітэта, з 1998 — на пасадзе дацэнта і загадчыка аддзялення беларускай філалогіі філфака Гродзенскага ўніверсітэта.
Памёр 27 мая 2020 года ад каранавіруснай інфекцыі[2].
Друкаваўся з 1990. Вывучаў традыцыі антычнасці ў беларускай літаратуры.