wd wp Пошук:

Джымі Уайт

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Уайт.

Джымі Уайт (англ.: Jimmy White; 2 мая 1962, Туцінг, Англія) — англійскі прафесійны ігрок у снукер. Шасціразовы фіналіст чэмпіянату свету (1984, 1990, 1991, 1992, 1993, 1994). Былы другі нумар сусветнага рэйтынгу (1987–1989), з сезона 1982/1983 да сезона 1996/1997 нязменна ўваходзіў у топ-16, пасля чаго вяртася ў эліту ў сезонах 1999/2000 і з сезона 2001/2002 да сезона 2005/2006. Адзін з чатырнаццаці снукерыстаў у гісторыі, якія выйгравалі чэмпіянат Вялікабрытаніі (1992) і Мастэрс (1984) — два з трох турніраў трайной снукернай кароны (акрамя чэмпіянату свету).

Біяграфія

Пачаў прафесійную кар’еру ў 1980 годзе ва ўзросце 18 гадоў і дэбютаваў у асноўнай стадыі чэмпіянату свету ў першым жа сезоне. У сезоне 1981/1982 дайшоў да паўфіналаў на чэмпіянаце Вялікабрытаніі і чэмпіянаце свету, а таксама дэбютаваў на Мастэрс, пасля чаго ўвайшоў у топ-16 і дайшоў да першага рэйтынгавага фіналу на Professional Players Tournament (пазней Гран-пры) 1982 года. У 1984 годзе перамог на Мастэрс і ўпершыню дайшоў да фіналу чэмпіянату свету, дзе саступіў Стыву Дэвісу (16:18). У 1986 годзе здабыў свае першыя рэйтынгавыя тытулы на Класік і Гран-пры, а ў 1987 годзе дадаў да іх перамогу на адкрытым чэмпіянаце Брытаніі і падняўся на найвышэйшы для сябе другі радок у рэйтынгу. У тым жа 1987 годзе ўпершыню дайшоў да фіналу чэмпіянату Вялікабрытаніі, а ў 1988 годзе выйграў чацвёрты рэйтынгавы турнір — Канадскі Мастэрс. З 1990 да 1994 года пяць разоў запар даходзіў да фіналаў чэмпіянатаў свету, чатыры разы саступіўшы Стывену Хендры (12:18 у 1990 годзе, 14:18 у 1992, 5:18 у 1993 і 17:18 у 1994) і адзін раз Джону Пэрату (11:18 у 1991 годзе), але так і не перамогшы на найбуйнейшым снукерным спаборніцтве. У гэтыя гады ён здабыў яшчэ пяць рэйтынгавых тытулаў: Класік 1991 года, адкрыты чэмпіянат Брытаніі 1992 года, чэмпіянат Вялікабрытаніі 1992 года, адкрыты чэмпіянат Еўропы 1992 года і Гран-пры 1992 года. Пасля гэтага ў яго кар’еры адбыўся спад і ў 1997 годзе ён вылецеў з топ-16 упершыню за 13 гадоў ва ўзросце 35 гадоў, аднак у 2000 годзе ён выйшаў у свой першы рэйтынгавы фінал за 6 гадоў на адкрытым чэмпіянаце Брытаніі, а з 2001 года яшчэ 5 гадоў пратрымаўся ў топ-16 рэйтынгу, дайшоўшы да фіналу адкрытага чэмпіянату Еўропы 2004 года і здабыўшы свой дзясяты рэйтынгавы тытул на Players Championship 2004 года ва ўзросце 41 года, стаўшы такім чынам самым узроставым пераможцам рэйтынгавых турніраў з 1989 года. У сезоне 2005/2006 падняўся на восьмае месца ў рэйтынгу, пасля чаго больш не ўваходзіў у топ-32, аднак працягвае прафесійныя выступы па сённяшні дзень і з’яўляецца самым узроставым прафесійным снукерыстам у мэйн-туры.

Фанаты называюць Уайта «Віхор» (англ.: The Whirlwind) за яго хуткі і атакуючы стыль гульні, а таксама «Народны чэмпіён» (англ.: People’s Champion). Акрамя дзесяці рэйтынгавых тытулаў і перамогі на Мастэрс сярод яго дасягненняў перамога на парным чэмпіянаце свету 1984 года (разам з Алексам Хігінсам), перамогі на кубках свету ў складзе зборнай Англіі ў 1988 і 1989 гадах (разам са Стывам Дэвісам і Нілам Фулдсам), перамога на кубку Нацый 2000 года ў складзе зборнай Англіі (разам з Джонам Пэратам, Роні О’Саліванам і Стывенам Лі), перамога на чэмпіянаце свету па снукеры з шасцю чырвонымі шарамі 2009 года і перамога на чэмпіянаце свету сярод ветэранаў 2010 года. За сваю кар’еру аформіў больш за 300 соценных брэйкаў, у тым ліку адзін максімальны брэйк на чэмпіянаце свету 1992 года, і ўваходзіць у топ-20 самых сярыйных снукерыстаў у гісторыі. Акрамя таго, зарабіў больш за 4,7 мільёна фунтаў стэрлінгаў прызавых грошай, уваходзячы ў топ-10 снукерыстаў па гэтым паказчыку.

Фіналы турніраў

Рэйтынгавыя турніры: 24 (10 перамог, 14 паразаў)

Легенда
Чэмпіянат свету (0:6)
Чэмпіянат Вялікабрытаніі (1:2)
Іншыя (9:6)
Вынік Год Турнір Апанент у фінале Лік
1 Параза 1982 Professional Players Tournament Рэй Рыярдан 5:10
2 Параза 1984 Чэмпіянат свету Стыў Дэвіс 16:18
3 Параза 1985 Трафей Матчрум Кліф Торбурн 10:12
4 Перамога 1986 Класік Кліф Торбурн 13:12
5 Перамога 1986 Гран-пры Рэкс Уільямс 10:6
6 Параза 1987 Класік Стыў Дэвіс 12:13
7 Перамога 1987 Адкрыты чэмпіянат Брытаніі Ніл Фулдс 13:9
8 Параза 1987 Чэмпіянат Вялікабрытаніі Стыў Дэвіс 14:16
9 Параза 1988 International Open Стыў Дэвіс 6:12
10 Перамога 1989 Канадскі Мастэрс Стыў Дэвіс 9:4
11 Параза 1990 Чэмпіянат свету Стывен Хендры 12:18
12 Перамога 1991 Класік Стывен Хендры 10:4
13 Параза 1991 Чэмпіянат свету Джон Пэрат 11:18
14 Параза 1991 Чэмпіянат Вялікабрытаніі Джон Пэрат 13:16
15 Перамога 1992 Адкрыты чэмпіянат Еўропы Марк Джонстан-Ален 9:3
16 Перамога 1992 Адкрыты чэмпіянат Брытаніі Джэймс Уатана 10:7
17 Параза 1992 Чэмпіянат свету Стывен Хендры 14:18
18 Перамога 1992 Гран-пры Кен Доэрці 10:9
19 Перамога 1992 Чэмпіянат Вялікабрытаніі Джон Пэрат 16:9
20 Параза 1993 Чэмпіянат свету Стывен Хендры 5:18
21 Параза 1994 Чэмпіянат свету Стывен Хендры 17:18
22 Параза 2000 Адкрыты чэмпіянат Брытаніі Пітэр Эбдан 6:9
23 Параза 2004 Адкрыты чэмпіянат Еўропы Стывен Магуайр 3:9
24 Перамога 2004 Players Championship Пол Хантэр 9:7

Мастэрс: 2 (1 перамога, 1 параза)

Вынік Год Турнір Апанент у фінале Лік
1 Перамога 1984 Мастэрс Тэры Грыфітс 9:5
2 Параза 1986 Мастэрс Кліф Торбурн 5:9

Зноскі

  1. Person Profile // Internet Movie Database — 1990.
  2. https://www.swlondoner.co.uk/sport/27112014-tootings-jimmy-white-still-believes-can-win-titles-faces-tough-ding-match/ — 2014. Праверана 19 ліпеня 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1962 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Пераможцы чэмпіянату Вялікабрытаніі па снукеры
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 2 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Туцінгу
Катэгорыя·Пераможцы адкрытага чэмпіянату Брытаніі па снукеры
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вялікім Лондане
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Снукерысты Англіі
Катэгорыя·Пераможцы World Open (снукер)
Катэгорыя·Пераможцы Мастэрс (снукер)