wd wp Пошук:

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі (італ.: Giacomo Leopardi; 29 чэрвеня 1798, Рэканаці, Папская вобласць, Італія — 14 чэрвеня 1837) — італьянскі паэт.

У творах Дж. Леапардзі спалучаюцца любоў да антычнай культуры і да нацыянальнай традыцыі, што збліжае яго з класіцыстамі, але наватарскія строфіка і рытміка, а таксама тэматыка і моц пачуццяў, якія ён укладаў у свае творы, яднаюць яго з рамантыкамі. Звычайна ў творчасці паэта вызначаюць два кірункі — гістарычны песімізм і філасофскі песімізм. Філасофская пазіцыя Леапардзі — анталагічная прысутнасць зла ў свеце і «бясконцая марнасць усяго зямнога» — стане адной з галоўных тэмаў італьянскай лірыкі дэкадансу і паэзіі XX ст.[7]

Біяграфія

Нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і. Дзяцінства і юнацкія гады правёў у Рэканаці. Цікавіўся навукай і літаратурай. У выніку ў 1813 з’яўляецца «Гісторыя астраноміі», а праз два гады — «Развагі над распаўсюджанымі памылкамі старажытных» разам з першымі вершамі, трагедыяй «Пампей у Егіпце» і перакладам «Мастацтва паэзіі» Гарацыя актавамі.

З 1817 Леапардзі пачынае занатоўваць свае думкі, што складуць яго «Дзённік разважанняў» (апублікаваны ў 1898). Малады Леапардзі далучаецца да палемікі класіцыстаў і рамантыкаў, свае эстэтычныя погляды выкладае ў трактаце «Развагі аднаго італьянца аб рамантычнай паэзіі» (1818, надрукаваны пасля смерці).

У вершах Дж. Леапардзі пераважае патрыятычная, філасофская, гістарычная, інтымная тэматыка. У 1818 ён стварае верш «Італіі», дзе з сумам гаворыць пра лёс радзімы. Верш «Помніку Дантэ» (1818) напісаны з нагоды адкрыцця ў Фларэнцыі помніка паэту.

У 1822 пакідае Рэканаці і накіроўваецца ў Рым, затым падарожнічае па Італіі. Пасля 1822 шэсць гадоў не піша вершаў, аднак у гэты час стварае празаічны твор — «Маральныя эцюды» (1824—28), дыялогі, у якіх ахопліваюцца літаратурныя, філасофскія, палітычныя тэмы.

Паміж 1825 і 1826 паэт публікуе першыя «Ідыліі», якія пасля называе «маленькімі», дзе, адыходзячы ад грамадзянскіх матываў, услаўляе свет душы, напоўненай пачуццямі і прыгажосцю прыроды (вершы «Сон», «Поўні», «Самотнае жыццё», «Вечар святочнага дня»). Рамантычны герой Дж. Леапардзі выступае супраць бязлітаснага лёсу, які прадвызначыў чалавецтву пакутаваць у рабстве і пакоры.

Пачынаючы з 1828 нараджаюцца «вялікія» ідыліі, вяршыня яго творчасці. Паразы вызваленчых рухаў (1831) і вяртанне аўстрыйцаў выклікалі напісанне сатырычных твораў («Палінодыя Джына Капоні», «Новыя вернікі», «Параліпамены да „Батрахаміямахіі“»). Апошнія слынныя творы паэта — «Заход месяца» і «Жаўтазель», дзе заход месяца параўноўваецца з заходам маладосці, а жаўтазель — з чалавекам, што, быццам дзікая кветка, пераадольвае ўсе перашкоды.

Дж. Леапардзі памёр падчас эпідэміі халеры ў Неапалі.

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
  2. 1 2 Tartaro A. LEOPARDI, Giacomo // Dizionario Biografico degli Italiani — 2005. — Vol. 64. Праверана 22 лютага 2015.
  3. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  4. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118571834 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 20 студзеня 2019.
  5. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 20 студзеня 2019.
  6. Леопарди Джакомо // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  7. Аксана Данільчык — prajdzisvet.org

Беларускія пераклады

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Нарадзіліся 29 чэрвеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў правінцыі Мачэрата
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1798 годзе
Катэгорыя·Італьянскамоўныя паэты
Катэгорыя·Памерлі 14 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі ад халеры
Катэгорыя·Памерлі ў 1837 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Неапалі
Катэгорыя·Паэты Італіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных