Дасі́я (грэч.: δασεῖα, ад стар.-грэч.: δασύ πνεῦμα; лац.: spiritus asper), густое прыдыханне[1] — надрадковы дыякрытычны знак, які выкарыстоўваўся ў Грэцыі з позняй антычнасці (уведзены навукоўцамі александрыйскай школы) да рэформаў канца XX стагоддзя, а таксама пэўны час і ў кірылічным царкоўнаславянскім пісьме. Першапачаткова выглядаў як левая палова літары H (├), пазней ператварыўся ў L-падобны кручок, яшчэ пазней (у грэчаскім курсіве) — у нешта падобнае да «(» ці да надлітарнай перавернутай коскі[2] (напрыклад: ἁ); у гэтым апошнім выглядзе патрапіў у славянскае пісьмо (аднак у некаторых найстаражытных помніках сустракаецца і ў першапачатковай форме).
У старажытнагрэчаскай мове абазначаў «густое прыдыханне», h-падобны прыгук перад галоснымі ў пачатку словы (адсюль часта паходзіць пачатковае h- у латынізаваных формах грэчаскіх імёнаў і інтэрнацыяналізмаў, накшталт Homer, Helena, hexametron, hippodromos і да т.п.). Часам таксама прыдыханне пры літары ро, што ў лацінцы дае спалучэнне rh: rho, myrrha і да т.п.
У грэчаскім пісьме дасія (як і псіла) можа спалучацца са знакамі націску.
У славянскім пісьме густое прыдыханне сустракалася досыць рэдка і паступова выйшла з ужывання; аднак да сярэдзіны XVII стагоддзя, асабліва ва ўкраінскіх выданнях, праводзіліся спробы паказваць розніцу двух грэчаскіх прыдыханняў у запазычанняў, перш за ўсё ва ўласных імёнах. Водгаласам гэтай сістэмы з’яўляецца правіла, якое часам згадваецца, але ў рэальнай друкарскай практыцы не адлюстроўваецца: «густое [прыдыханне] пішацца ў замежных словах, якія пачынаюцца з іжыцы»[3].
Найстаражытны знак дасія (├) лёг у аснову літарна-лінейнай дасійнай натацыі IX—X стагоддзяў, якой былі запісаны першыя ў Еўропе ўзоры шматгалоснай музыкі.
У Юнікодзе дасія прысутнічае з кодам U+0314 для грэчаскага алфавіта і U+0485 для кірыліцы. Акрамя таго, асобныя коды адведзены шэрагу маналітных сімвалаў для грэчаскіх літар з гэтым знакам.