Гюрджу Хатун (груз. გურჯი-ხათუნი, Gurji-xatuni) — грузінская прынцэса з дынастыі Баграціёнаў.
Гюрджу Хатун была дачкой грузінскай царыцы Русудан і Гіас ад-Дзіна з дынастыі Сельджукаў. Пры нараджэнні атрымала імя Тамар у гонар бабулі, царыцы Тамар Вялікай[2]. Даводзілася сястрой грузінскаму цару Давіду VI Нарыну.
З 1237 была другой жонкай султана Кей-Хосрава II[3][4]. Ад яго нарадзіла сына Кей-Кубада II, які правіў у 1246—1257.
Пасля паразы падчас бітвы пад Кесе-даг у 1243 годзе султан Кей-Хосраў стаў васалам Бату, а Тамар страціла высокі статус і атрымала мянушку Гюрджу Хатун, «Спадарыня грузінка».
У 1246 годзе Кей-Хосраз быў забіты, і Тамар перайшла з праваслаўя ў іслам і выйшла за вяльможу Конійскага султаната Перванэ. Ад гэтага шлюбу нарадзіла сына Мехмед бэя.
Падчас свайго жыцця спрыяла росквіту навукі і мастацтва, з прыхільнасцю ставілася да паэта Джалаладына Румі. Па яе загаду была пабудаваная яго магіла ў Коні[5].
У 1240–1245 гадах султан Кей-Хосраў II чаканіў на манетных дварах Сіваса і Коньі сярэбраныя манеты з выявай льва і сонечнага твару. Сімвал «Леў і Сонца» пазней шырока распаўсюдзіўся ў ісламскім свеце. Турэцкі даследчык сельджукскіх манет Толга Эркан прыйшоў да высновы, што Сонца — гэта Гюрджю Хатун, а Леў — сам султан[6].