wd wp Пошук:

Гомельскі ліцейны завод

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Цэнтраліт. Гомельскі ліцейны завод («Цэнтраліт») — адкрытае акцыянернае таварыства, найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вытворчасці літых вырабаў з шэрага і высокатрывалага чыгуну. На працягу 50 гадоў завод з’яўляецца вядомым пастаўшчыком літых вырабаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. За гады працы «Цэнтраліт» асвоіў складанае ліццё для станкабудавання, машынабудавання, нафтагазавай і металургічнай прамысловасці, будаўніцтва шахтаў і метро. Гэтая наменклатура ўяўляе каля 5 тысяч найменняў прадукцыі. Завод асвоіў вытворчасць мастацкага ліцця, якое шырока выкарыстоўваецца для гарадскога дызайну.[1]

Гісторыя

Праект прадпрыемства быў распрацаваны ў Кіеве інстытутам «Дзіпрахіммаш». Будаўніцтва пачалося ў 1963, а ў 1965 завод даў першую прадукцыю, што прызначалася для працягу будаўніцтва. Першая плаўка адбылася ў 1968. Максімальны аб’ём выпуску адлівак быў дасягнуты ў 1988 годзе і склаў 85,5 тысяч тон. За савецкім часам у розных частках вялікай дзяржавы працавалі яшчэ 9 «Цэнтралітаў», аб’яднаных у адну вытворчую сістэму. Пасля распаду СССР многія з іх зачыніліся або спазналі вялікі крызіс, што адмоўна адбілася на Гомельскім заводзе, які, аднак, здолеў захаваць усе вытворчыя магутнасці.

Карпусы

Асноўная вытворчасць прадпрыемства размешчана ў 3 паасобных карпусах: ліцейны і плавільны корпус, корпус абрубкі і ачысткі ліцця, а таксама чарнавой механічнай апрацоўкі, корпус захоўвання і падрыхтоўкі шыхтавых і фармовачных матэрыялаў. Карпусы звязаныя паміж сабой рознымі камунікацыямі, захаваўшы тым самым вытворчую ўзаемасувязь. Сэрцам завода з’яўляецца цэх плаўленняў і спецыяльных спосабаў ліцця, які забяспечвае заліванне расплаўленага металу ў формы цэхаў буйнога і дробнае ліцця, а таксама вырабляе ўласную прадукцыю аб’ёмам да 9000 тон адлівак ў год: неперарыўналітыя нарыхтоўкі, дарожную арматуру, кольцавыя чыгунныя грузы.

Прадукцыя

Першай прадукцыяй завода было ліццё для многіх тыпаў станкоў, якія выпускаліся на станказаводах саюзных рэспублік. У 1980-я «Цэнтраліт» стаў выпускаць чыгунныя цюбінгі для «Мінскметрабуда». За гады працы ГЛЗ «Цэнтраліт» асвоіў складанае ліццё для машынабудавання, станкабудавання, аўтамабілебудавання. Вытворчыя магутнасці дазваляюць вырабляць ліццё масай ад 1 кг да 19 тон.

Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» у ХХІ стагоддзі ажыццяўляў пастаўку прадукцыі 400 прадпрыемствам Беларуси, 70 прадпрыемствам Расіі, а таксама — кампаніям Фінляндыі, Францыі, Італіі, Венгрыі, Германіі, Турцыі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Украіны, Літвы, Латвіі, Балгарыі.

Перспектывы

Тое, што 50 % працаўнікоў на заводзе складае моладзь да 30 гадоў, дазваляе «Цэнтраліту» з аптымізмам глядзець у будучыню.

Зноскі

  1. https://www.glz-centrolit.by/

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Кампаніі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кампаніі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Прадпрыемствы Гомеля
Катэгорыя·Прадпрыемствы чорнай металургіі Беларусі
Катэгорыя·Кампаніі, заснаваныя ў 1968 годзе
Катэгорыя·Металургічныя прадпрыемствы Беларусі