Гом (Гама, Гомі) — легендарны заснавальнік Гомеля, вядомы з разрозненых фрагментарных звестак тапанімічных паданняў канца ХІХ — першай трэці ХХ ст.
Краязнавец Л. Вінаградаў (1900 г.) меркаваў, што гістарычная назва Гомеля — «Гомій» — магла быць «пазычана ад нейкага Гома»[1]. Этнограф І. Пульнер згадваў легенду, паводле якой «на месцы заснавання Гомеля жыў рыбак Гама», ад чыйго імя выводзілася назва горада[2]. Аўтары кнігі пра будаўніцтва рачнога порта ў Гомелі Д. Алан, М. Пірожнікаў і В. Розкін (1933 г.) паведамілі пра бытаванне на гомельскім Каўказе легенды «аб разбойніку Гомі» і «яго вялікіх подзвігах»[3]. На незразумелых падставах яны адносілі постаць Гомі да ХІІ ст. і звязвалі са шведскім паходжаннем.
Варыятыўнасць формы імені, як і прыпісванне персанажу ў асобных крыніцах адрозных функцый, указваюць на верагоднасць колішняга існавання некалькіх версій адпаведнага падання ці легенды. Ніводная з іх, аднак, не стала ў далейшым класічнай, як у сэнсе пашыранасці і вядомасці сярод гамяльчан (у адрозненне ад падання пра плытагонаў), так і з пункту погляду цікавасці фалькларыстаў — у акадэмічным выданні беларускіх легенд і паданняў (1983 г.) паданні пра Гома адсутнічаюць[4]. У наш час філолаг і краязнавец А. Рогалеў у сваіх працах спрабуе папулярызаваць паданне з гомельскага Каўказа, праводзячы паралелі між постаццю разбойніка Гомі і легендарнымі заснавальнікамі іншых гарадоў Беларусі і ўкраінскага Кіева[5]. Пры гэтым насуперак першапублікацыі 1933 г. аўтар паслядоўна называе разбойніка іменем «Гом» (а не «Гомі») і замоўчвае прыпісванне яму шведскага паходжання.