wd wp Пошук:

Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Глушкавіцкае радовішча. Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю — радовішча ў Беларусі, размешчанае за 0,7 км на поўдзень — паўднёвы захад ад в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна.

Характарыстыка

Паклад належыць да верхняга архею — ніжняга пратэразою i прымеркаваны да паўночнай часткі Украінскага шчыта. Карысныя выкапні — дробна-, сярэдне- i буйназярністыя граніты i гранадыярыты, біятытавыя i біятытава-плагіяклазавыя гнейсы. Разведаныя запасы 10,1 млн м³, перспектыўныя 33,3 млн м³. Вылучаюцца зоны: выветраных парод, магутнасцю 0,5—2,5 м; закранутых выветрываннем, магутнасцю 0,2—3,5 м; свежых парод, ускрытая магутнасць 36—44,5 м. Ускрышныя пароды — пяскі, супескі, кара выветрывання i выветралыя крышталічныя пароды магутнасцю 1,4—9 м. Карысная тоўшча i ускрышныя пароды абводненыя.

Граніты, гранадыярыты i гнейсы прыдатныя на выраб друзу з выкарыстаннем у дарожным будаўніцтве, як баластавы слой чыгункі, запаўняльнік бетону. Радовішча распрацоўваецца друзавым заводам (в. Глушкавічы).

Кар’ер «Сялянская ніва» па здабычы будаўнічага каменю дзейнічае з 1969 года, у 1976 годзе пабудаваны друзавы завод[1]. З 1985 года пачалася здабыча высакаякаснага аддзелачнага каменю ў кар’еры «Надзея»[2]. Здабыты тут цёмны граніт паспяхова выкарыстоўваўся на аддзелачных работах пры будаўніцтве станцый мінскага метро. Але затым распрацоўка кар’ера была спынена, кар’ер напоўніўся вадой[3].

У ліпені 2018 года спецыялісты друзавага заводу «Глушкавічы» па даручэнні ўрада прыступілі да распрацоўкі радовішча граніту ў кар’еры «Надзея». Была адпампаваная вада з кар’ера, распачаты горна-падрыхтоўчыя працы па арганізацыі здабычы і транспартаванні цёмнага граніту[3]. Паралельна пачалося будаўніцтва цэха па распілоўцы і абліцоўванню каменя з граніту[4].

Плануецца штогод здабываць у кар’еры «Надзея» да 4 тыс. куб.м гранітных блокаў, якія будуць выкарыстоўваць для аздаблення фасадаў будынкаў і інтэр’ераў у будаўнічай галіне, а таксама пастаўляцца на экспарт[4]. Матэрыял з’яўляецца імпартазамяшчальным, паколькі аналагічныя віды граніту закупляюцца ў Італіі і Украіне[3].

Для вывазу прадукцыі друзавага завода «Глушкавічы» плануецца пабудаваць новую галіну чыгункі Глушкавічы — Лельчыцы — Міхалкі[5]. Верагодна, што пастаўкі граніту за мяжу будуць праходзіць праз запланаваны рачны порт у в. Верхнія Жары[6]

Гл. таксама

Зноскі

  1. Гранитные люди. Как была сожжена одна из деревень Лельчицкого района и чем она живет сегодня. 18 СЕНТЯБРЯ 2018 // Сельская газета
  2. Чудеса ландшафтного дизайна. В полесской глубинке с помощью тротила создали «маленькую Скандинавию»
  3. 1 2 3 К разработке нового месторождения гранита в карьере «Надежда» приступили в Лельчицком районе 09.07.2018
  4. 1 2 До 4 тыс. куб.м гранитных блоков ежегодно будут добывать в «Карьере Надежды» 14.11.2018
  5. Дорога железная — Полесская. Определен маршрут нового участка железной дороги на Гомельщине. 23 красавіка 2015 г. Гомельская праўда
  6. Турецкие партнеры рассматривают возможность строительства порта в Брагинском районе. 11.11.2018

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Радовішчы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Прыродны камень
Катэгорыя·Іншыя значэнні: старонка не існуе
Катэгорыя·Глушкавічы
Катэгорыя·Геалогія Лельчыцкага раёна