Глабальнае пахаладанне 6200 года да н.э. (у замежнай літаратуры таксама мізокскае ваганне або ваганне Мезока, па назве даліны ў Швейцарыі) — самае суровае глабальнае пахаладанне галацэну, анамальнае для цёплага атлантычнага перыяду. Яно працягвалася ад 200 да 400 гадоў, на працягу якіх клімат значна змяніўся, што прывяло да знікнення шэрагу ранненеалітычных культур (у прыватнасці, дакерамічнага неаліту B). Гэта пахаладанне не стала прычынай новага абледзянення, але было больш суровым, чым малы ледавіковы перыяд Сярэднявечча.
Хуткае пахаладанне 8,2 тыс. гадоў назад упершыню было зафіксавана швейцарскім батанікам Генрыхам Цолерам у 1960 г.[1][2]. Некаторыя аўтары лічаць, што гэта пахаладанне было толькі адным з самых прыкметных перыядычных пахаладанняў, якія здараліся ў галацэне кожныя 1500 гадоў[3]. Змяненне клімату 8,2 тыс. гадоў назад было зафіксавана пры даследаванні грэнландскіх ледавікоў і геалагічных адкладаў ва ўмераным і трапічным паясах паўночнай Атлантыкі[4][5][6]. У Антарктыцы і Паўднёвай Амерыцы кліматычныя змены гэтага перыяду меней выяўлены[7][8]. Тым не менш, змены мелі глабальны характар, што, у прыватнасці, адбілася на росце каралавых рыфаў у Інданезіі[9] і паніжэнні канцэнтрацыі CO2 у атмасферы[10]. Узровень сусветнага акіяна спачатку павялічыўся на 1,2 м, а да 6000 г да н.э. з-за росту ледавікоў панізіўся на 14 м. Гэта прывяло да значнага адступлення мораў ад берагавой лініі, але да 5800 г да н.э. клімат нармалізаваўся, і моры вярнуліся ў свае ранейшыя берагі.
Мяркуюць, што прычынай пахаладання было катастрафічнае раставанне ледавікоў Паўночнай Амерыкі і раптоўнае паступленне вялікай масы халоднай вады ў паўночную Атлантыку ў выніку яе прарыву ў акіян з возера Агасіс і іншых прыледавіковых азёр[11][12][13].
Глабальнае пахаладанне драматычна адбілася на некаторых ранненеалітычных культурах. У прыватнасці, жыхары Чатал-Гуюка каля 6200 г. да н.э. пакінулі сваё жыллё, і паселішча пуставала прыкладна 500 гадоў, пакуль клімат не палепшыўся. У Паўночнай і Усходняй Афрыцы гэтыя пяць стагоддзяў адзначаны засухай. На Кіпры насельніцтва пасля пахаладання адсутнічала на працягу амаль 1500 гадоў. Халаднейшым і засушлівым клімат на працягу 300 гадоў заставаўся ў заходняй Азіі, асабліва ў Месапатаміі. Лічыцца, што гэта падштурхнула насельніцтва да стварэння сеткі ірыгацыйных каналаў.