У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Богдан.
Генадзь Андрэевіч Бо́гдан (нар. 8 студзеня 1977) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Намеснік кіраўніка справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2020—2022). Фігурант Чорнага спісу Еўрасаюза, санкцыйных спісаў шэрагу іншых краін.
Скончыў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум, затым Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт.
Два гады працаваў інспектарам дзяржаўнага пажарнага нагляду ў сістэме Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
З 1999 па 2012 год працаваў у канцэрне «Белдзяржхарчпрам», дзе стаў у выніку начальнікам упраўлення каардынацыі і развіцця галін па вытворчасці прадуктаў харчавання і тытунёвых вырабаў.
З 1 лютага 2012 года працаваў генеральным дырэктарам ААТ «Мазырсоль»[1]. У 2016 годзе стаў лаўрэатам конкурсу «Чалавек справы» ў намінацыі «За стабільную і эфектыўную працу на беларускім і замежным рынках»[2].
У другой палове 2010-х гадоў узначальваў Рэспубліканскае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Беларусьгандаль», якое ўваходзіць у сістэму Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Абіраўся дэпутатам Мазырскага раённага савета дэпутатаў 27-га і 28-га[3] скліканняў.
30 студзеня 2020 года прызначаны намеснікам кіраўніка справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь[4]. Пакінуў пасаду ў верасні 2022 года[5].
31 жніўня 2020 года ўключаны ў спіс асобаў, на якіх накладзена бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію і забарона на ўезд у Літву ў сувязі з тым, што «сваімі дзеяннямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і наступнае гвалтоўнае здушэнне мірных пратэстаў»[6].
17 снежня 2020 года ўнесены ў Чорны спіс Еўрасаюза. Савет Еўрапейскага саюза прызнаў Богдана як намесніка начальніка ўпраўлення кіравання маёмасцю Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, які курыруе шматлікія прадпрыемствы і праз кіраўніцтва справамі аказвае фінансавую, матэрыяльна-тэхнічную, сацыяльную, бытавую і медыцынскую падтрымку дзяржапарату і рэспубліканскім органам улады, і цесна звязанага з прэзідэнтам адказным за падтрымку рэжыму Лукашэнкі[7]. 26 студзеня 2021 года да санкцый ЕС далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя[8]. 18 лютага 2021 года ў свой санкцыйны спіс Богдана дадала Вялікабрытанія [9], 22 сакавіка 2021 года — Швейцарыя[10].