wd wp Пошук:

Віцебскае паўстанне

Віцебскае паўстанне (12 лістапада 1623) — выступленне праваслаўных гараджан Віцебска супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча.

Падрыхтоўка і прычыны

У падрыхтоўцы выступлення ўдзельнічалі жыхары Магілёва, Оршы, Полацка і Вільні. Галоўнай прычынай паўстання сталі жорсткія метады насаджэння уніяцтва з боку архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча.

Падзеі

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну. Святары і чэлядзь з акружэння былі збіты, маёмасць разрабавана, а архіў знішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узброенымі атрадамі. Усе гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбурана. Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання — палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 78 чалавек, у тым ліку зачыншчык забойства Кунцэвіча Сцёпан Пасіёра былі прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

Паўстанне ў культуры

Пад уплывам У. Стукаліча І. Рэпін збіраўся напісаць гістарычную карціну пра Віцебскае паўстанне 1623 (не здзейснена, захаваўся эскіз «Пропаведзь Кунцэвіча ў Віцебску», (1893)). Уладзімір Караткевіч напісаў п’есу «Званы Віцебска».

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Паўстанні ў Вялікім Княстве Літоўскім
Катэгорыя·Паўстанні ў Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Віцебска
Катэгорыя·XVII стагоддзе ў Віцебску
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Канфлікты 1623 года
Катэгорыя·1623 год у Еўропе
Катэгорыя·Падзеі 12 лістапада