Вітаў калодзеж (у арыгінале — Витов колодезь) — урочышча ў межах былога Гомельскага староства. Згадваецца ў «Адказной кнізе на Гомельскі маёнтак» 1776 г. у фрагменце, звязаным з «отграничением» (вызначэннем меж) зямель, якія значыліся за вёскай Ваўковічы і шэрагу іншых населеных пунктаў[1]:
«…поуз Довгий Мох Плетыще от грунтов капитулских, что нине суть владения полковника Сымонова, на бор в колодезь Витов. От колодезя бором Рубежами в речку Деменку. З речки Деменки в речку Узу».
Супастаўленне звестак «Адказной кнігі» з «Генеральным планам Беліцкага павета»[2] 1784 г. і сучаснай картай Гомельшчыны, дазваляюць выказаць меркаванне, што Вітаў калодзеж знаходзіўся ў паласе на паўночны захад ад цяперашняй вёскі Шчэрбаўка ў напрамку да вёскі Іванькаў Гомельскага раёна (урочышча Княжацкі Рог)[3]. Атаясаміць Вітаў калодзеж з пэўным сучасным аб’ектам пакуль немагчыма.
У назве «Вітаў калодзеж» магла ўвасобіцца гістарычная памяць народа аб вялікім князі літоўскім Вітаўце. З іншага боку, нельга выключаць, што азначэнне «Вітаў» было ўмоўным і безадносна да рэальнай гістарычнай постаці падкрэслівала старадаўнасць аб’екта.