У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Фядосік.
Віктар Анатолевіч Фядосік (9 лютага 1951, в. Сінкевічы, Ленінскі раён, Пінская вобласць) — беларускі гісторык, антыкавед, медыевіст[1].
Нарадзіўся 9 лютага 1951 года ў вёсцы Сінкевічы Ленінскага раёна Пінскай вобласці (цяпер — Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці). Сын беларускага фалькларыста А. С. Фядосіка.
Вучыўся на гістарычным факультэце БДУ з 1968 па 1973 гады, з 1973 па 1976 гады — у аспірантуры[2]. З 1976 па 1983 гады працаваў у Мінскім інстытуце культуры: у 1976—1980 гадах — выкладчыкам, а з 1980 года — дацэнтам кафедры гісторыі СССР, БССР і замежных стран[3]. З 1983 года на кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ (з 1988 года — загадчык кафедры)[4]. Доктар гістарычных навук (1992), прафесар (1993)[1].
Даследуе праблемы гісторыі антычнага хрысціянства: узнікнення ранняй хрысціянскай царкоўнай арганізацыі ў Рымскай імперыі, станаўленне раннехрысціянскай царкоўнай ідэалогіі, імперскія ганенні на хрысціян, барацьбу ўнутры хрысціянскай абшчыны і царквы па пытанні адносін да свецкіх улад у канцы існавання адзінай імперыі; вывучае праблемы рэлігійнай ідэалогіі і рэлігійнага жыцця эпохі сярэдневякоўя[1][5]. Аўтар больш як 350 навуковых прац, у тым ліку манаграфій, падручнікаў па гісторыі сярэдніх вякоў для ВНУ і школ, энцыклапедычных даведнікаў, навукова-папулярнай літаратуры.
Спіс прац Віктара Фядосіка