wd wp Пошук:

Віктар Іванавіч Дарашкевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дарашкевіч. Віктар Іванавіч Дарашкевіч (9 чэрвеня 1949, в. Цёмнае Балота (цяпер Сасновы Бор), Шчучынскі раён — 2003) — беларускі літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Даследаваў гісторыю, старажытную беларускую літаратуру, лацінамоўную літаратуру Беларусі і Літвы 15-18 стагоддзяў.

Біяграфія

У 1956 годзе вучыўся ў Кірпічоўскай пачатковай школе, потым у Шчанецкай сямігодцы, а 9-10 класы закончыў у Астрынскай СШ.

Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1971 годзе з адзнакай. З 1971 па 1974 год вывучаў класічную філалогію ў аспірантуры Вільнюскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1974 года працаваў у Інстытуце літаратуры АН Беларусі.

У 1977 годзе ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы абараніў дысертацыю на сашукальніцтва навуковай ступені кандыдата філалагічных навук (шыфр спецыяльнасці 10.01.03 — «Літаратура народаў краін замежжа»).

Навуковая дзейнасць

У канцы 70-х — пачатку 80-х гг. быў вучоным сакратаром Савета па каардынацыі навуковай дзейнасці пры прэзідыуме АН БССР. Склаў першасны праект так званай «скарынаўскай праграмы», да выканання якой пазней далучыліся многія вучоныя Беларусі. В. Дарашкевіч выявіў сямнаццаць лацінамоўных дакументаў, што мелі дачыненне да жыцця ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны, і выдаў іх у супрацоўніцтве з Алесем Жлуткам і Лідзіяй Ляхавай. Выхад з друку ў 1979 г. манаграфіі В. Дарашкевіча «Новалацінская паэзія Беларусі і Літвы: першая палова XVI стагоддзя» стаўся знамянальнай падзеяй у навуковым жыцці Беларусі." [9, с.163]

У гэтай манаграфія навуковец значную ўвагу надае характарыстыцы творчай дзейнасці Францыска Скарыны, паказу яго ролі ў развіцці ўсходнеславянскага кнігадрукавання і славянскіх літаратур, тыпалагічнаму супастаўленню рэнесансава-гуманістычнага светапогляду ў творчасці Ф.Скарыны і паэтаў- лаціністаў Беларусі 16 стагоддзя. Віктар Дарашкевіч аргументавана выказаў думку, што Ян Вісліцкі аўтар паэмы «Пруская вайна» (1516 г.)  — выхадзец з Беларусі: месцам яго нараджэння вучоны лічыў мястэчка з адпаведнай назвай паміж Клецкам і Пінскам. І такіх адкрыццяў было шмат. [8,с.4]

У гэтым жа годзе друкуецца артыкул «Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі». [5,с.8] У ім, а таксама ў пасляслоўі «Паэма жыцця» да выдання «Песні пра зубра» М.Гусоўскага (1981) было разгледжана пытанне вытокаў і асаблівага светапогляду Ф.Скарыны і М.Гусоўскага  як гуманістаў. [13,с.140]

У трохмоўным выданні «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага В. Дарашкевіч змясціў праграмны артыкул, у якім лацінская пісьмовасць і лацінамоўная літаратура ў гісторыі Беларусі разглядаліся як арганічная частка нацыянальнай культуры. Лацінамоўная  літаратура  прысвечана пераважна творчасці Мікалая Гусоўскага, прынамсі, тут вучоны ўпершыню згадаў імёны Яна Радвана, Францішка Градоўскага, Гальяша Пельгрымоўскага, Міхала (Міхалона) Ліцвіна, Мікалая Кміціча і іншых лацінамоўных аўтараў, даўшы своеасаблівыя арыенціры новым пакаленням даследчыкаў. [ 9,с.169]  (Дадатак 3)

Дарэчы, іменна Віктарам Іванавічам была праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы да друку самой паэмы «Песня пра зубра» і каментарыяў да яе. Практычна, дзякуючы яму паэма ўбачыла свет. Цікава ведаць, што   не так даўно было здзейснена эксклюзіўнае выданне іменна гэтай кнігі М. Гусоўскага «Песня пра зубра», якую рыхтаваў Віктар Іванавіч, з яго каментарыямі. Аб гэтым паведамілі яго сям’і супрацоўнікі Нацыянальнай акадэміі навук. Кніга выйшла ў Італіі тыражом 1000 экзэмпляраў. Над кнігай працавалі два гады. Акрамя таго, у Беларусі рыхтуецца выданне асобнай кнігай на трох мовах каментарыяў Дарашкевіча В. І. да паэмы «Песня пра зубра» М.Гусоўскага. Усё гэта сведчанне павагі да навуковых пошукаў нашага земляка і сцверджанне сучаснасці яго работы. [14, с.5]

Не менш значнымі былі і іншыя яго дасягненні. Дарашкевіч В. І. быў не толькі выдатны мовазнавец, гісторык, даследчык, але меў і талент паэта, што стала зразумела пасля перакладу «Слова аб палку Ігаравым». Вось словы вядомага рускага паэта, крытыка Ігара Шклярэўскага ў адным з артыкулаў: «Вы, дарэчы, забыліся назваць яшчэ аднаго беларускага перакладчыка „Слова…“. Гэта Віктар Дарашкевіч. Я нічога пра яго не ведаю. Дык вось, пераклад Дарашкевіча, на маю думку, самы дакладны. Хоць у ім няма той паэтычнай вытанчанасці, якая, несумненна, ёсць у перакладзе Барадуліна. Дарашкевіч адчуў рытмы „Слова…“ і пайшоў услед за імі. А гэта вельмі важна, таму што сіла „Слова…“ ў ягоных рытмах. Як яны змяняюцца, як іх цяжка часам злучыць, захоўваючы дакладнасць! Вы сабе нават не ўяўляеце… 

Пераклад Віктара Дарашкевіча конгеніяльны, бо ён паўтарыў фігуры мовы, ён захаваў зменную рытміку. Гэты пераклад, я думаю, у Беларусі яшчэ належна не ацэнены. А калі „Слова пра паход Ігара“ выходзіла ў Маскве на трох мовах — па-руску, па-ўкраінску і па-беларуску, — я выбраў сярод украінскіх пераклад Максіма Рыльскага, а сярод беларускіх — якраз пераклад Дарашкевіча.» [6,с.24]

Менавіта   Віктар Іванавіч Дарашкевіч упершыню паставіў пытанне аб тыпалагічнай блізкасці старабеларускай мовы і мовы «Слова аб палку Ігаравым» і выказаў ідэю, што аўтарам гэтага твора быў хтосьці з Полацкага княства. [4,с.76—84]

Звярнуў на сябе ўвагу навуковага свету і артыкул  «Станаўленне беларускай літаратуры эпохі Адраджэння і традыцыі Кіеўскай Русі». У ім была паказана асноватворная роля старажытных рускіх традыцый у фарміраванні беларускай літаратуры 14-16 стагоддзяў,  у тым ліку і творчасць Ф.Скарыны.

Віктар Дарашкевіч быў навуковым кансультантам энцыклапедычнага даведніка «Францыск Скарына і яго час» (1988), а таксама аўтарам некалькіх артыкулаў для  гэтага даведніка (пра М. Гусоўскага і інш.). Ім быў падрыхтаваны зборнік дакументаў і матэрыялаў пра Скарыну і яго родны, які быў выдадзены асобнай кнігай і таксама ўвайшоў  ў энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час».

Прызнаннем заслуг Віктара Іванавіча ў гісторыі літаратуры трэба лічыць і запрашэнне яго да ўдзелу ў Скарынаўскіх чытаннях у Мінску і Фёдараўскіх чытаннях у Расіі.

Скарынаўскія чытанні — гэта навуковая канферэнцыя, прысвечаная праблемам скарыназнаўства. Адбывалася яна 30-31 кастрычніка 1986 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа АН БССР. Склад удзельнікаў яе вельмі прадстаўнічы, але сярод шэрагу дакладчыкаў не згубіўся даклад нашага земляка В. І. Дарашкевіча «Дакументы пра Скарыну: гісторыя іх адкрыцця, публікацый, інтэрпрэтацый, новыя знаходкі». Даклад увайшоў і  ў Зборнік навуковых прац канферэнцыі.

Фёдараўскія чытанні ў 1977 годзе  былі прысвечаны Францыску Скарыне. Віктар Дарашкевіч выступаў з дакладам «Сувязі Ф.Скарыны з М.Гусоўскім». На аснове матэрыялаў сесіі быў выдадзены штогоднік навуковых прац «Фёдоровские чтения», куды ўвайшоў і даклад беларускага навукоўцы.

Віктара Іванавіча ведаюць і за межамі краіны, ён актыўна публікаваўся ў англамоўных выданнях ЮНЕСКА, Польшчы, Чэхіі і іншых краінах.

Зразумела, працы гэтыя вядомы больш спецыялістам,  а вось энцыклапедычны даведнік «Францыск Скарына і яго час», ці каментарыі да «Песні пра зубра» М.Гусоўскага даступны кожнаму чытачу бібліятэкі. [15,с.564 — 582]

З 1982 года Віктар Іванавіч Дарашкевіч зноў працуе ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі. Увесь свой час аддае ён вывучэнню спадчыны Францыска Скарыны і М. Гусоўскага. Ён прызнаны аўтарытэт у гэтых пытаннях, многа працуе і перспектывы ў яго вялікія. Найбольш важкі доказ гэтаму — прысуджэнне Віктару Іванавічу ў 1994 годзе Дзяржаўнай прэміі РБ. Яе атрымаў калектыў, які працаваў над выданнем даведніка «Францыск Скарына і яго час», і Віктар Іванавіч у тым ліку. [15,с.426]

Вядомы навуковец з добрымі перспектывамі, гонар сям’і і землякоў, аўтар многіх работ і артыкулаў, прызнаных і ацэненых навуковым светам — што яшчэ трэба для шчасця?! Ён любіў сваю працу і шчыра радаваўся нават самым маленькім публікацыям у перыядычным друку. Заўсёды телефанаваў сястры: «Ты там паглядзі, пачытай, было надрукавана…» Шчаслівы, адданы сваёй справе чалавек… Віктар Іванавіч будуе планы на будучыню, збіраецца пісаць доктарскую работу.

Але лёс унёс у жыццё свае карэктывы. Прыйшла хвароба. Страшная, невылечная. Ён змагаўся, як мог. Працаваў увесь час, нават тады, калі прыступы сталі ўжо даволі частымі і невыноснымі. У бальніцу прасіў прывозіць кнігі, пісаў артыкулы і адпраўляў іх у Нацыянальную акадэмію навук. Апошнія гады свайго жыцця Віктар Іванавіч правёў у роднай вёсцы, якую ён так любіў, у доме старэйшай сястры Марыі, якая заўсёды была побач, гатовая прыйсці на дапамогу. Хвароба не давала яму адпачынку, з кожным годам і нават месяцам станавілася ўсё горш…

Смерць Віктара Іванавіча была трагічнай, ён загінуў у агні ў час пажару ў бальніцы 12 кастрычніка 2003 года.

Пахаваны Віктар Іванавіч Дарашкевіч (згодна з яго пажаданнямі) на вясковых могілках на ўскрайку свайго роднага Сасновага Бору, там, дзе, мабыць, ён быў найбольш шчаслівы.

Такім чынам, на аснове праведзеных даследаванняў становіцца зразумела, што Віктар Іванавіч Дарашкевіч унёс вялікі ўклад у развіццё навукі. Ён з’яўляецца адным з першапраходцаў ў вывучэнні лацінамоўнай і стражытнарускай літаратуры, яго гіпотэзы і адкрыцці з’яўляюцца падставай для даследаванняў іншых вучоных і сведчаць аб багатай спадчыне, якая дасталася нам ад продкаў. Яго ўклад высока ацэнены нашай дзяржавай і навукоўцамі не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Узнагароды і прэміі

Бібліяграфія

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (26):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 чэрвеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Памерлі 12 кастрычніка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Шчучынскім раёне
Катэгорыя·Памерлі ў 2003 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Літаратуразнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Кандыдаты філалагічных навук
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Перакладчыкі на беларускую мову
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАНБ
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1949 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Дзятлаўскім раёне
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Пахаваныя ў Шчучынскім раёне
Катэгорыя·Артыкулы да фарматавання
Катэгорыя·Крытыкі Беларусі
Катэгорыя·Асобы