wd wp Пошук:

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык (нар. 18 снежня 1962, Мінск) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч. Палітзняволены. Лідар руху салідарнасці «Разам» [1].

Біяграфія

Нарадзіўся ў Мінску 18 снежня 1962 года ў сям’і навукоўцаў. У дзяцінстве каля дзесяці гадоў пражыў з бацькамі ў Абхазіі, потым сям’я вярнулася ў Беларусь. У 1984 г. скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэта, некаторы час працаваў у Абхазіі.

У 1988 годзе вярнуўся жыць і працаваць на Радзіму. Працаваў у ВА «Беларусьгеалогія» і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Займаўся пытаннямі экалогіі і наступстваў Чарнобыльскай катастрофы[2].

У 1989 г. стаў сябрам Беларускага Народнага Фронту[2].

Быў сакратаром управы БНФ, старшынём камісіі Сойму БНФ па сувязях з рабочым рухам, намеснікам старшыні БНФ «Адраджэньне» і партыі БНФ. 11 студзеня 2003 г. рашэннем Сойму БНФ выключаны з партыі БНФ «за дэструктыўную дзейнасць… і непадпарадкаванне рашэнням Сойму»[3].

Ініцыятар стварэння шэрагу грамадскіх арганізацый («Малады фронт», беларускі жаночы рух «За адраджэнне Айчыны» і інш.) У 2004 г. — каардынатар беларускіх удзельнікаў украінскай «аранжавай рэвалюцыі».

У сакавіку 2006 г. — адзін з арганізатараў намётавага лагеру на Кастрычніцкай плошчы пасля прэзідэнцкіх выбараў.

З’яўляўся кіраўніком секцыі «Мемарыял» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай і Малой Рады Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Жанаты, мае двух сыноў[3].

Пераслед за грамадска-палітычную дзейнасць

Увесну 1996 г. В.Сіўчык зняволены за ўдзел у Чарнобыльскім шляху, трымаў 21-дзённую галадоўку пратэсту[3].

Быў арганізатарам перакрыцця мінскага праспекта імя Францішка Скарыны (зараз праспект Незалежнасці) у 1998 і 1999 гадах, калі Лукашэнка і Ельцын падпісывалі пагадненні аб стварэнні саюзнай дзяржавы.

У 2001—2002 гады браў удзел у абароне Курапатаў[2].

У сярэдзіне 2000-х Вячаслаў Сіўчык пачаў ствараць Рух салідарнасці «Разам!», падтрымаў барацьбу прадпрымальнікаў за іхнія правы[2].

У сакавіку 2006 г., пасля праведзеных прэзідэнцкіх выбараў, Вячаслаў Сіўчык стаў адным з арганізатараў намётавага мястэчка пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Мінска (Плошча Каліноўскага). За некалькі гадзін да разгону намётавага мястэчка, прыкладна каля 20.00 23 сакавіка, яго схапілі невядомыя ў масках і ўсю ноч пратрымалі ў аўтобусе, збіваючы і інсцэніруючы расстрэл[2]. Ён трапіў у шпіталь, адкуль праз чатыры дні яго вывезлі і схавалі сябры. В.Сіўчык таемна з’ехаў ва Украіну. На Радзіме тым часам яго завочна асудзілі на 15-суткавы арышт, які ён адбыў пазней, ужо пасля вяртання з Украіны ў верасні 2006 г[2].

У чэрвені 2008 года В Сіўчык адседзеў 10 сутак арышту за ўдзел у жалобнай акцыі ва ўрочышчы Курапаты [3].

У 2010 г. пасля снежанскага разгона акцыі на Плошчы Незалежнасці ў Мінску Вячаслаў Сіўчык пакінуў Беларусь, пазбягаючы пераследу[2].

Знаходзячыся ў эміграцыі, у 2012 годзе Сіўчык зарэгістраваў у Чэхіі міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Рух салідарнасці «Разам». Дзейнасць аб’яднання была накіраваная на падтрыманне дэмакратыі ў Беларусі і ва Украіне. Цяпер рух у Беларусі дзейнічае ў статусе аргкамітэту[4].

15 верасня 2015 года ён вярнуўся ў Мінск пасля пяці гадоў эміграцыі ва Украіне[5].

Пасля вяртання на Радзіму В.Сіўчык працягваў грамадска-палітычную дзейнасць, за гэта шмат разоў быў зняволены на 10-15 сутак, аштрафаваны.

26 мая 2016 суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала на 10 базавых велічынь (2 млн. 100 тыс. руб.) палітыка Вячаслава Сіўчыка за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі[6].

23 сакавіка 2017 г. суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў В.Сіўчыка вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП, у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў на акцыях супраць Дэкрэту № 3 і вынес прысуд аб арышце на 15 сутак[7].

У сакавіку 2017 г. Суд Савецкага раёна Мінска прызнаў лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка арганізатарам акцыі 3 сакавіка ў Курапатах і В.Сіўчык завочна арыштаваны на 15 сутак[8].

3 мая 2017 г. Суд Цэнтральнага раёна Мінска аштрафаваў Сіўчыка на 50 базавых велічыняў за ўдзел у акцыі 25 сакавіка з нагоды Дня Волі, абвінаваціўшы ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзенні масавых акцыяў (арт. 24.34 КоАП)[4].

Другая адміністрацыйная справа датычыла затрымання Сіўчыка 19 красавіка міліцыяй у трэцяй гадзіне ночы. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (арт. 17.1 і 23.4 КоАП). Суд аштрафаваў палітыка на 10 базавых велічыняў[4].

Узнагароды

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі[9].

Зноскі

  1. Вячаслава Сіўчыка завочна арыштавалі і затрымалі на могілках
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Вячаслаў Сіўчык
  3. 1 2 3 4 [Адзін дзень палітвязьня. — Радыё Свабодная Еўропа/ Радыё Свабода : Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2009, — 364 с. ISBN 978-0-929849-27-0]
  4. 1 2 3 Суд аштрафаваў Вячаслава Сіўчыка на 12,6 млн адразу паводле дзвюх справаў
  5. Вячаслаў Сіўчык: «Адседжвацца не зьбіраюся»(недаступная спасылка)
  6. Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны на 10 базавых велічынь
  7. Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык завочна арыштаваны на 15 сутак(недаступная спасылка)
  8. Вячаслаў Сіўчык завочна арыштаваны на 15 сутак
  9. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Літаратура

Адзін дзень палітвязьня. — Радыё Свабодная Еўропа/ Радыё Свабода : Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2009, — 364 с. ISBN 978-0-929849-27-0

Тэмы гэтай старонкі (12):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Нарадзіліся 18 снежня
Нарадзіліся ў Мінску
Узнагароджаныя медалём да стагоддзя БНР
Нарадзіліся ў 1962 годзе
Палітыкі Беларусі
Вікіпедыя:Біяграфіі сучаснікаў
Члены Партыі БНФ
Палітвязні Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Выпускнікі геаграфічнага факультэта БДУ
Асобы