wd wp Пошук:

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Бацькаўшчына (значэнні). Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», ЗБС «Бацькаўшчына» — міжнароднае грамадскае аб’яднанне. Створана дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.

Гісторыя

Устаноўчая канферэнцыя згуртавання прайшла ў 1990 годзе. Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, старшынёй Рады — Яўген Лецка.

I з’езд беларусаў свету адбыўся 8—10 ліпеня 1993 года ў Мінску. З’езд меў мэтай аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы. Былі выбраны новы кіраўнічы орган — Вялікая рада з прадстаўнікоў Беларусі і замежжа, а таксама прэзідэнт ЗБС (Радзім Гарэцкі) і старшыня Рады (Ганна Сурмач).

II з’езд беларусаў свету прайшоў 26—27 ліпеня 1997 года ў г. Мінск.

5—6 ліпеня 2001 года ў Мінску адбыўся III з’езд беларусаў свету. Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» абраны Анатоль Грыцкевіч, старшынёй Рады — Алена Макоўская.

IV з’езд беларусаў свету прайшоў 16-17 ліпеня 2005 ў Мiнску[1].

V з’езд (Мінск, 2009 г.)

V з’езд беларусаў свету адбыўся 18-19 ліпеня 2009 ў Мінску[2]. На з’ездзе абрана Вялікая Рада Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“».

VI з’езд беларусаў свету адбыўся 23-24 ліпеня 2013 ў Мінску. Кіраўніком ЗБС «Бацькаўшчына» абрана Алена Макоўская, старшынёю Рады — Ніна Шыдлоўская[3].

15—16 ліпеня 2017 года ў Мінску прайшоў VII з’езд беларусаў свету. У ім прынялі ўдзел беларусы з 21 краіны. Да працы з’езда далучыліся кіраўнікі дзяржаўных структур Беларусі, у тым ліку міністр замежных справаў Уладзімір Макей, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі.

Пераслед з боку ўлад Беларусі

У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі Вялікая рада прагаласавала за перанос з’езда, у той час як кіраўніцтва згуртавання пракансультавалася з Міністэрствам юстыцыі, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі. Аднак у рамках пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да дзейнасці арганізацыі з нагоды пераносу з’езда.

Цягам пазапланавай праверкі згуртавання, распачатай Міністэрствам юстыцыі ў пачатку ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні: першае — за не выкладзеную на афіцыйны сайт, але дасланую ў міністэрства справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова; другое — за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня «Бацькаўшчына» не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў, хоць 14 ліпеня ў офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус, а памяшканне апячаталі. 15 ліпеня Міністэрства юстыцыі прызнала нелегітымнымі кіраўнічы і кантрольна-рэвізійны органы згуртавання, а 27 ліпеня выключыла інфармацыю пра кіраўніцтва арганізацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

20 жніўня 2021 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь).

24 верасня Вярхоўны суд (суддзя — Рыма Філіпчык) прыняў рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць згуртаванне[4].

Дэклараваныя мэты

Кіраўніцкія органы

ЗБС «Бацькаўшчына» аргнаізоўвае з’езды беларусаў свету раз на 4 гады, пачынаючы з 1993 г. На ім абіраецца Вялікая рада, а таксама старшыня грамадскага аб’яднання.

Выдавецкая дзейнасць

Літаратура

Зноскі

  1. Alyaksei Marachkin Elected Head of “Batskaushchyna”(англ.)  (недаступная спасылка). Хартыя'97 (20 ліпеня 2005). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2006. Праверана 29 лютага 2020.
  2. Alyaksei Marachkin: “Congress of Belarusians of the world sometimes reminded Communist party rally”(англ.) . Хартыя'97 (20 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2009. Праверана 29 лютага 2020.
  3. “VI з’езд беларусаў свету” (in be). Наша слова (31 (1130)). 2013-07-31.
  4. Радыё Свабода Архівавана 25 верасня 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Арганізацыі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Арганізацыі, закрытыя ў 2021 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Беларусы
Катэгорыя·Арганізацыі, заснаваныя ў 1991 годзе
Катэгорыя·Беларускія грамадскія арганізацыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Арганізацыі паводле алфавіта
Катэгорыя·Беларуская дыяспара
Катэгорыя·Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Катэгорыя·Арганізацыі Беларусі, ліквідаваныя рэжымам Лукашэнкі (2021)