Выдранік — возера ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці, за 9 км на паўднёвы захад ад горада Мядзел, за 5 км на паўночны ўсход ад вёскі Занарач.
Уваходзіць у склад гідралагічнага заказніка “Чарэмшыцы”. Адносіцца да Нарачанскай групы азёр [1]. З’яўляецца сточным вадаёмам.
Плошча паверхні возера - 0,07 км². Даўжыня - 400 м, найбольшая шырыня - 200 м, даўжыня берагавой лініі - 1,06 км.
Катлавіна возера прадаўгаватай формы, выцягнутая з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Водазбор вельмі забалочаны, пакрыты лесам. Берагі нізкія, парослыя хмызняком. Асаблівасці катлавіны і дна мала даследаваныя. З паўднёва-ўсходняй частцы возера выцякае ручай.
Вада возера - гідракарбанатна-кальцыевая, трафічны статус вадаёма - дыстрофны.
Возера месціцца ў запаветнай зоне, знаходжанне чалавека ў якой забаронена (акрамя навуковых даследаванняў)[2].