Вераме́йскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2008 года вёска) Верамейкі.
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Верамейскі (Верамееўскі) сельсавет у складзе Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай акругі БССР. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Чэрыкаўскім раёне БССР, з 5 снежня 1931 года ў Чавускім раёне, з 20 студзеня 1932 года ў Чэрыкаўскім раёне, з 20 лютага 1938 года — Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Каменкаўскага сельсавета[1]. З 16 верасня 1959 года ў складзе Крычаўскага раёна. 24 чэрвеня 1960 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Лабанаўскага сельсавета[2]. З 25 снежня 1962 года ў складзе Чавускага раёна, з 6 студзеня 1965 года — Крычаўскага раёна. 4 чэрвеня 1965 года з часткі сельсавета ўтвораны зноў Лабанаўскі сельсавет (26 населеных пунктаў: Акцябр, Вазраждзенне, Васькоўка, Востраў, Гіжня, Грамабой, Гром, Доўгая, Дубраўка, Жытнёў, Зара, Зялёны Дуб, Каменка, Клін, Лабанаўка, Лобча, Малінкі, Навіна, Падбудкі, Падлом’е, Рассвет, Рынкоўка, Светлы, Слава, Шчацінка і Ялоўка)[3]. З 30 ліпеня 1966 года сельсавет у складзе адноўленага Чэрыкаўскага раёна. На 1 студзеня 1974 года ў складзе Верамейскага сельсавета 21 населены пункт[4]. 21 лістапада 1989 года ў склад сельсавета з Сормаўскага сельсавета перададзены 4 населеныя пункты (вёскі Анюціна, Вудага, Загурковішча і пасёлак Карма)[5].
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1819 чалавек[6], з іх 94,0 % — беларусы, 4,2 % — рускія, 0,8 % — украінцы[7].