Валерый Сцяпанавіч Башметаў (8 студзеня 1947, вёска Канец, Гарадоцкі раён, Віцебская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне тэхналогіі ткацкай вытворчасці. Доктар тэхнічных навук (1993), прафесар (1994). Акадэмік Беларускай інжынернай акадэміі (1995), міжнароднай Акадэміі навук вышэйшай школы (1997).
Скончыў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1971). 3 1977 г. у Віцебскім тэхналагічным універсітэце (з 1986 г. — дэкан факультэта, з 1993 г. — рэктар). Навуковыя працы па тэхналогіі і ўдасканаленні абсталявання ў галіне лёгкай прамысловасці. Распрацаваў метады прагназіравання тэхналагічных працэсаў вытворчасці тэкстыльных матэрыялаў, прапанаваў эфектыўныя спосабы і тэхналогіі вырабу тканін.