Вадзіна (руск.: Вадино) — пасёлак у Смаленскай вобласці Расіі, у Сафонаўскім раёне. Адміністрацыйны цэнтр Вадзінскага сельскага паселішча.
Насельніцтва — 1507 жыхароў (2007).
У 1,5 км на ўсход ад пасёлка знаходзіцца прыпынкавы пункт Вадзіна на чыгуначнай галінцы Дурава-Уладзімірскі Тупік.
Размешчана ў паўночнай частцы вобласці за 13 км на поўнач ад раённага цэнтра. Ад Сафонава пракладзена асфальтаваная дарога.
Пасёлак узнік каля ст. Вадзіна Дураўскай чыг галінкі. «Першапасяленцамі» былі сяляне суседніх вёсак Пакей, Іржавая і Залазна, якія вылучыліся з сельскай абшчыны на сялібы.
У канцы XIX стагоддзя тут функцыянаваў лесапільны завод № 12 «Вадзіна». У пасёлку да 1930-х гадоў існавала Ражноўская абцасава-калодачная фабрыка, гаспадаром якой з’яўляўся маскоўскі прамысловец і фабрыкант Р. А. Леман[1].
Загадам НКУС № 181 ад 5 лістапада 1931 года зблізку чыгуначнай станцыі Вадзіну была адкрыта выпраўленча-працоўная калонія № 26, якая функцыянуе і цяпер — калонія строгага рэжыму ФКУ «ВК № 2 УФСВП Расіі па Смаленскай вобласці».[2]