Бітва пры Капарэце, таксама дванаццатая бітва пры Ізонцы (24 кастрычніка — снежань 1917 года) — шырокамаштабнае наступленне аўстра-германскіх войскаў на пазіцыі Каралеўскай італьянскай арміі ў ваколіцах італьянскага горада Капарэта ў ходзе Першай сусветнай вайны. З’яўляецца адной з найбуйнейшых бітваў часоў Першай сусветнай вайны.
Да пачатку восені 1917 года становішча аўстра-венгерскай арміі на італьянскім фронце Першай сусветнай вайны выклікала асцярогі ў аўстра-венгерскага камандавання. Цяжкае становішча аўстрыйцаў стала следствам наступаў Каралеўскай італьянскай арміі летам гэтага ж года. Выратаваць становішча можна было толькі наступам, для ажыццяўлення якога аўстрыйскае камандаванне звярнулася за дапамогай да Германскай імперыі.
Германскае камандаванне адгукнулася на просьбу саюзніцы і прадаставіла Аўстра-Венгрыі 7 дывізій і 776 гармат. Цэнтральныя дзяржавы стварылі ўдарную групоўку, якая складалася з 8-мі аўстра-венгерскіх і 7-мі нямецкіх дывізій. Ударная групоўка была аб’яднаная ў 14-ю армію. Армія мела дастатковую колькасць цяжкай артылерыі для прарыву пазіцыйнага фронту.
Па задуме аўстра-германскага камандавання 14-я армія наносіла галоўны ўдар у раёне Тальміна. Ад 207 да 259 гармат размяшчалася на 1 км фронту. Такая шчыльнасць артылерыі была самай высокай у гісторыі Першай сусветнай вайны. Наступ 14-й арміі падтрымлівалі аўстра-венгерскія арміі — справа 11-я армія, злева 2-я Ізонцкая.
Італьянцам былі вядомыя планы праціўніка. Разведка вызначыла перагрупоўку войскаў і прыбыццё германскіх сіл на Італьянскі фронт. Але належных мер італьянскім камандаваннем прынята не было.
Ноччу 24 кастрычніка 1917 года артылерыя аўстра-германскіх войскаў пачала абстрэл пазіцый Каралеўскай італьянскай арміі. Таксама ўжываліся хімічныя снарады. Агонь вёўся па артылерыйскіх пазіцыях, шляхах паведамленняў, камандных пунктах. У вельмі кароткі час акопы, прытулкі і бліндажы былі разбураныя і ўся сувязь паміж каманднымі пунктамі і перадавымі пазіцыямі перапыненая. Хімічная атака прынесла свае вынікі, італьянскія сродкі хімічнай абароны былі недасканалыя. Італьянская абарона была цалкам дэзарганізаваная.
У 8.00 аўстра-германская пяхота перайшла ў наступ, фронт быў прарваны ў двух месцах. У першыя гадзіны прарыву атакуючыя прасунуліся на 6 км, захапілі Плецца і Капарэта.
Да 26 кастрычніка прарыў дасягнуў шырыні 28-30 км і 10-15 км у глыбіню. Галоўнакамандуючы Каралеўскай італьянскай арміяй Луіджы Кадорна загадаў войскам адступіць на раку Тальямента, італьянская армія была вымушана спешна адыходзіць, пакідаючы свае пазіцыі. Але адступленне таксама не было арганізавана. У італьянскай арміі панавала паніка, яшчэ большы хаос ў калоны адступаючых войскаў уносілі тысячы бежанцаў.
Англія і Францыя, бачачы катастрафічнае становішча Італіі, заявілі аб прадастаўленні дапамогі саюзніцы.
Да 30 кастрычніка 1917 года ў Італію сталі прыбываць англійскія і французскія дывізіі. Гэта аказала падбадзёрвальны ўплыў на італьянскія войскі. Катастрофа пры Капарэце вымусіла сысці ў адстаўку ўрад Італіі. Новы ўрад на чале з Выторыа Эмануэле Арланда прыняўся за рашучыя меры па ўмацаванню абароны на фронце.
8 лістапада 1917 года Луіджы Кадорна быў адпраўлены ў адстаўку, яго месца заняў Арманда Дыяз.
Італьянцам не атрымалася ўтрымаць надыходзячых ля ракі Тальямента. Фарсіраваўшы яе, аўстра-германцы працягвалі наступ. Італьянская армія была вымушана працягнуць адыход за раку П’яве. Аўстрыйскі наступ стаў запавольвацца, перапынілася сувязь паміж некаторымі часцямі, не было неабходных рэсурсаў для аднаўлення, і італьянская армія атрымала вельмі своечасовы адпачынак. 9 лістапада апошнія італьянскія сілы пераправілі праз П’яве. Усяго італьянская армія адступіла ўглыб сваёй тэрыторыі на 70-110 км.
Італьянская армія панесла каласальныя страты як у людскіх сілах, так і ў узбраенні. Італьянскае камандаванне вымушана было кідаць у бой непадрыхтаваных 18-гадовых навабранцаў, якія толькі што прыбылі на фронт.
З 11 лістапада па 19 лістапада 1917 года аднавілася наступленне, у ходзе якога італьянцам усё ж удалося ўтрымаць занятыя пазіцыі.
Падчас «другой хвалі» наступу (11—19 лістапада 1917 года) італьянцы нават пачалі пераходзіць у контратаку і не далі аўстра-германцам захапіць умацаванні на рацэ П’яве.
Да 29 лістапада 1917 года новая ўмацаваная лінія італьянскай абароны была гатовая. Вялікі ўчастак абароны занялі англійскія і французскія войскі. Да пачатку снежня наступленне спынілася, італьянскай арміі ўдалося арганізаваць новую лінію абароны.
Аперацыя пры Капарэце з’яўляецца адной з самых значных у гісторыі Першай сусветнай вайны. У ёй з абодвух бакоў прынялі ўдзел звыш 2,5 млн. чалавек. Аўстра-германскае камандаванне ажыццявіла адну з нешматлікіх паспяховых аперацый па прарыву пазіцыйнага фронту ў Першай сусветнай вайне. Яна забяспечвалася захаваннем строгай сакрэтнасці, маскіроўкай засяроджвання войскаў, кароткай артылерыйскай падрыхтоўкай (6 гадзін). Італьянская армія змяніла галоўнакамандуючага, а на італьянскім фронце з’явіліся войскі Антанты.