wd wp Пошук:

Бітва пад Дубенкай

Бітва пад Дубенкай адбылася падчас польска-рускай вайны 1792 (пасля якой адбыўся Другі падзел Рэчы Паспалітай), калі 18 ліпеня 1792 года польская армія пад камандаваннем генерала Тадэвуша Касцюшкі абараняла раку Буг, якую спрабавала перасекчы расійская армія пад камандаваннем генерала Міхаіла Кахоўскага. Неглядзячы на тое, што рускія мелі колькасную перавагу 5:1 над польскімі абаронцамі, іх атакі былі загнаныя ў кут палявых умацаванняў, створаных палякамі, што прывяло да тактычнай перамогі палякаў. Пасля заходу з флангу расійскія войскі прымусілі палякаў адступіць, каб пазбегнуць акружэння. Польска-літоўскія войскі пакінулі свае перадавыя пазіцыі, якія занялі рускія войскі.

Падрыхтоўка

Войскі Юзафа Панятоўскага (25 000 салдат і 42 гарматы) пераправіліся праз Буг і 8 ліпеня спыніліся ля Дубенкі. Яны атрымалі загад на абарону ўздоўж Бугу ад Дубенкі да Уладавы. Касцюшка (5300 салдат, 24 гарматы) заняў са сваім войскам 3 кіламетры фронту між вёскамі Уханька і Воля-Хабова.

Зважаючы на колькасную перавагу войскаў ворага, Касцюшка пастанавіў не атакаваць, а дзейнічаць ад абароны і з гэтай мэтай заняў для сваіх войскаў пазіцыю, якая ўзвышалася над ваколіцамі, на поўнач ад Дубенкі, між Бугам і аўстрыйскай мяжой. Адзінай хібай гэтае пазіцыі было тое, што правае крыло было абаронена адно лесам і памежным кардонам. Салдаты прыступілі да капання наземных умацаванняў паводле плану Касцюшкі. Наперадзе дывізіі былі размешчаныя тры батарэі. У першай лініі стала пяхота ў колькасці 7 баонаў. У другой лініі знаходзіўся полк вершнікаў і дзве брыгады кавалерыі. Лес, што знаходзіўся перад правым флянгам войска, быў абсаджаны стральцамі.

Міхаіл Кутузаў-Галенішчаў

Расійскі генерал M. Кахоўскі 17 ліпеня пераправіўся пад Дубенкай праз Буг[1], a 18 ліпеня выслаў карпусы А. Леванідава і А. Тармасава, каб сваімі дэманстратыўнымі манеўрамі ўнемажлівіць Панятоўскаму і Вяльгорскаму ўзмоцніць Касцюшкавы сілы. Сам Кахоўскі з карпусамі М. Кутузава-Галенішчава і І. П. Дуніна (25 000 салдат і 108 гармат) намерваўся разбіць Касцюшку і выйсці ў тыл асноўным войскам Кароны.

Бітва

А 15-й гадзіне рускія рушылі ў кірунку пазіцый Касцюшкі. На правым флянгу знаходзіўся корпус І. Дуніна, корпус Кутузава займаў левае крыло. У першай лініі расійскага войска было 18 баонаў пяхоты, другая лінія складалася з 15 палкоў вершнікаў (у тым ліку з 7 казацкіх). Пасля артылерыйскае падрыхтоўкі а 17:30 Кахоўскі накіраваў пяхоту першае лініі ва франтальную атаку на ўмацаваныя пазіцыі Касцюшкі. Гэтая атака была адбіта пяхотай і артылерыяй з вялікімі стратамі расійскага войска. Рускія спрабавалі яшчэ некалькі разоў зладзіць падобныя атакі, аднак яны кожны раз сканчаліся з такім сама поспехам. Нарэшце няўдалыя пяхотныя атакі схілілі Кахоўскага да спробы акружэння Касцюшкі з боку аўстрыйскае мяжы. З гэтай мэтай Кахоўскі адаслаў 2 палкі конных егераў пад кіраўніцтвам Пальменбаха. Яны перайшлі мяжу з Аўстрыяй, пад заслонай лесу абышлі польскія пазіцыі і ўдарылі ў тыл правага флянгу Касцюшкі. Падчас гэтае атакі сам Пальменбах загінуў. У дапамогу абаронцам прыйшоў полк з другой лініі пад кіраўніцтвам Карвіцкага. Егеры былі разбіты і сапхнутыя ў багну. Праведзеная ў гэты самы час чарговая лабавая атака расійскае пяхоты ізноў скончылася безвынікова.

Тым не менш, з кожнай гадзінай становішча войскаў Рэчы Паспалітай горшала. Недзе а 18-й гадзіне Грахоўскі заняў мястэчка Гусыннэ, адрэзаўшы адзіную дарогу, з якое Касцюшкавы войскі маглі чакаць дапамогі. Каля 20-й гадзіны з поля бойкі ўцякла застрашаная пагоршанай сітуацыяй брыгада народнай кавалерыі, якой загадваў Павел Бярнацкі. Надыходзячы змрок і ўсё ўзрастаючы напор пераўзыходзячых сіл праціўніка, які здолеў захапіць некалькі ўмацаванняў і прыступіў да атакі на левы флянг польскага войска, схіліў Касцюшку да адступлення а 21-й гадзіне. Дывізія адышла ў баявым парадку праз Разтоку да Кумова, а адтуль да Холма.

У бітве войскі Рэчы Паспалітай страцілі 900 салдат і 6 гармат. Расійскія войскі страцілі каля 4000 салдат. Расійская армія заняла ўвесь раён разам з пераправамі і атрымала праход да Любліну.

Значэнне

Вынік бітвы застаўся нявысветленым, абодва бакі лічылі сябе пераможцамі. Польскія войскі здолелі нанесці значныя страты пераўзыходзячай іх у 4 разы расійскай арміі, самі панесшы значна меншыя страты, і арганізавана сышлі з месца сутычкі. Расійскія войскі, страціўшы вялізную колькасць войска, усё ж занялі неабходныя пазіцыі, што дало ім магчымасць далейшага наступу.

Пасля бітвы Касцюшка заваяваў славу выбітнага камандоўцы, яго параўноўвалі са спартанскім царом Леанідам. За бітву пад Дубенкай кароль Станіслаў Аўгуст узнагародзіў 80 чалавек ордэнам Віртуці Мілітары, а Касцюшка атрымаў чын генерал-лейтэнанта і ордэн Белага Арла; да таго ж 26 жніўня 1792 года менавіта за поспех у бітве пад Дубенкай Касцюшку было нададзена ганаровае грамадзянства Францыі[2].

Праз тыдзень пасля бітвы Рэч Паспалітая капітулявала.

Зноскі

  1. паводле іншай версіі, Кахоўскі перайшоў праз Буг 18 ліпеня а 16-й гадзіне
  2. Kronika Polski, (red.) A. Nowak, Wyd. Kluszczyński, Kraków 2005, s. 384
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Бітвы вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года