wd wp Пошук:

Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі

Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя Вітольда Каятанавіча Бялыніцкага-Бірулі — музей у г. Бялынічы Магілёўскай вобласці, размешчаны па адрасе вуліца Савецкая, 13а. Перад музеем устаноўлены помнік В. К. Бялыніцкаму-Бірулі.

Гісторыя

Заснаваны 5 лістапада 1969 г. у г. п. Бялынічы загадам Магілёўскага абласнога ўпраўлення культуры. Дапамогу ў арганізацыі музея аказалі дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея БССР А. В. Аладава і жонка мастака А. А. Біруля. Адкрыты для наведвальнікаў 29 мая 1970 г. Аснову музея склалі матэрыялы аб жыцці і творчасці народнага мастака Беларусі і Расіі, правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Кіраўнікамі былі Г. Н. Драздзецкая, П. П. Жыгуноў, Н. С. Снапкова. З 1987 г. дырэктар Н. І. Палоннік.

Спачатку музей знаходзіўся ў будынку былога райвыканкама, у 1997 г. пад музей рэканструяваны будынак кінатэатра «Зорка». 26.02.1997 г. адбылося адкрыццё музея ў рэканструяваным будынку і ўрачыстае святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння В.Бялыніцкага-Бірулі. У 2007 г. музею нададзены статус юрыдычнай асобы з афіцыйнай назвай «Установа культуры „Бялыніцкі раённы мастацкі музей імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі“».

Да Дня беларускага пісьменства 2020 года стары будынак знесены, а на яго месцы ўзведзены новы па праекце інстытута «Магілёўграмадзянпраект». Плошча музея павялічылася амаль ўдвая і склала каля 800 м²[1].

Экспазіцыя

Асноўны фонд (2008) налічвае 582 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 136 адзінак. Плошча 4 экспазіцыйных залаў 270 м², выставачнага — 70 м².

У раздзеле экспазіцыі «Краявіды народнага мастака БССР і РСФСР В. Бялыніцкага-Бірулі» прадстаўлены творы мастака, напісаныя ў 1920-40-я гг.: «Восень», «Лёд прайшоў», «Апошні снег», «Маладыя бярозкі» і інш. Экспануецца партрэт В. Бялыніцкага-Бірулі, напісаны ў 1939 г. яго сябрам — народным мастаком СССР І. Э. Грабаром. Змешчаны скульптурны партрэт мастака, выкананы З. Азгурам. Выстаўлены пэндзлі, палітра, якімі карыстаўся жывапісец; сігнальны экзэмпляр паштовага канверта, які выпусціла Міністэрства сувязі СССР у 1972 г. з нагоды 100-гадовага юбілею В. Бялыніцкага-Бірулі; паштовая марка з рэпрадукцыяй пейзажа мастака «Ранняя вясна» (1912). Прадстаўлены таксама 2 лісты В. Бялыніцкага-Бірулі, адрасаваныя яго сябру — работніку Гарусаўскага дзіцячага дома М. І. Талкачову. У экспазіцыі «Жывапіс Беларусі 20 ст.» творы В. Цвіркі «Льнаводка», У. Лагуна «Завочніца», В. Шыбнёва «Збажына паспела», А. Бархаткова «Калгасны статак», У. Сеўрука «Рыбная лоўля» і інш. У раздзеле «Скульптура Беларусі 20 ст.» экспануюцца творы А. Заспіцкага «Паэтэса Цётка», С. Селіханава «Вызваленне», «Партрэт Селіванава», «Бюст Варапаевай», Л. Палійчука «Абаронцы Брэсцкай крэпасці», I. Міско «Партрэт хлопчыка», В. Папова «Юнацтва», «Партрэт Еўкайла» і інш. Экспазіцыю «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве» складаюць творы ўдзельнікаў міжнародных пленэраў па жывапісе: Дз. Алейніка «Раніца на Дняпры» (1996), А. Бархаткова «На рацэ Друць» (1996), І. Сцяпанава «Удомля. Дача В. К. Бялыніцкага-Бірулі» (2003) і інш.

Гл. таксама

Літаратура

Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).

  1. В Белыничах к Дню белорусской письменности откроют новое здание музея 11.08.20(недаступная спасылка)
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Музеі Магілёўскай вобласці
Катэгорыя·Бялынічы
Катэгорыя·1969 год у Беларусі
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·З’явіліся ў 1969 годзе
Катэгорыя·Вітольд Бялыніцкі-Біруля