Бе́скаўка[1] (трансліт.: Bieskaŭka, руск.: Бесковка) — вёска ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Размешчана на рацэ Кляпацінцы (прыток р. Волчас). Уваходзіць у склад Ходасаўскага сельсавета.
Да 22 лютага 2012 года вёска ўваходзіла ў склад Забалацкага сельсавета[2].
За 32 км на паўднёвы захад ад Мсціслава, 64 км ад Магілёва, 13 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы на лініі Орша-Сураж.
Рэльеф раўніны, на захадзе мяжуе з лесам. Транспартныя суязі па шашы Мсціслаў-Магілёў, якая праходзіць побач з вёскай.
У 1811 г. вёска, 12 двароў, 36 жыхароў мужчынскага полу, у Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні, дзяржаўная ўласнасць. У 1897 г. 8 двароў, 41 жыхар, у Беліцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1909 г. 16 двароў, 34 жыхары.
Савецкая ўлада ўстаноўлена ў студзені 1918 г. У студзені 1925 г. у вёску пераведзена школа з вёскі Лыкінка, у ёй было 36 вучняў. У 1931 г. арганізаваны калгас «Чырвоны колас», які ў 1932 г. аб’ядноўваў 34 гаспадаркі, меў 274 га ворыва, працавала кузня па рамонту сельгасінвентару.
У Вялікую Айчынную вайну ад 13 ліпеня 1941 г. да 30 верасня 1943 г. была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1999 г . у складзе саўгаса «Забалацце».