“ГРАМАТЫКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ” Б. ПАЧОПКІ (Hramatyka bielaruskaj mowy. Apracawau B.Pacobka), граматыка беларускай мовы, складзеная настаўнікам беларускай мовы Свіслацкай беларускай настаўніцкай семінарыі, рэдактарам газеты “Bielarus” Б. Пачопкам і надрукаваная асобнай кнігай беларускай лацініцай у друкарні «Гоман» (Вільня, сакавік 1918[1]). На працягу прыблізна году (у 1918) гэтай граматыкай карысталіся пры выкладанні беларускай мовы ў Свіслацкай настаўніцкай семінарыі і навакольных школах[2], магчыма, на падставе аўтарытэту Пачопкі, які быў тады там дырэктарам[3].
Граматыка выкарыстоўвала для перадачы гукаў беларускай мовы лацінскі алфавіт, відаць, у такой самай форме, як у іншых кнігах, выданых Б. Пачопкам.
Граматыка была рэзка скрытыкаваная ў справаздачы Беларускага навуковага таварыства ў Вільні (1918), а ў далейшым — і беларускімі мовазнаўцамі (Я. Лёсік, С. Некрашэвіч). Аўтар называўся непадрыхтаваным да падобнай працы і незнаёмым з беларускай мовай, а яго граматыка — ненавуковай, неадпаведнай прынцыпам беларускай мовы, павернутай на пальшчэнне беларускай мовы[4] і, у выніку, цалкам непрыдатнай.