wd wp Пошук:

Беатрыкс Потэр

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Потэр. Беатрыкс Потэр (Элен Беатрыкс Потэр, англ.: Beatrix Potter, 28 ліпеня 1866, Кенсінгтон, Лондан — 22 снежня 1943, графства Камбрыя) — англійская дзіцячая пісьменніца і мастак.

Біяграфія

Раннія гады

Бацькі Беатрыкс жылі на спадчыну ад гандлю бавоўнай. Бацька, Руперт, большасць часу прысвячаў свайму захапленню мастацтвам і фатаграфіяй, а маці, Хелен, бавіла час у таварыстве пісьменнікаў, мастакоў і палітычных дзеячаў. Брат Беатрыкс Бертрам нарадзіўся праз шэсць гадоў пасля сястры і быў яе блізкім сябрам. У шэсць гадоў яго адправілі вучыцца ў школу-інтэрнат.

У Беатрыкс было закрытае і самотнае дзяцінства, тыповае для дачок буржуазных сем’яў віктарыянскай эпохі. Яе навучаннем займаліся гувернанткі, і яна рэдка бачылася з іншымі дзецьмі.

У Потэр былі асабліва блізкія адносіны з бацькам, і менавіта ён першым прызнаў яе мастацкі талент.

Беатрыкс вельмі любіла жывёл і вывучала іх усё жыццё. У дзяцінстве яны з братам трымалі ў класным пакоі жабак, мышэй, вожыка, трытона Ісаака Ньютана і кажана. Яна назірала за імі і малявала іх, паступова ўдасканальваючы сваё майстэрства. Потым яна пачала маляваць звяркоў у вопратцы, што было на той час наватарствам.

У Беатрыкс таксама было два трусікі, якім яна прысвяціла шмат ілюстрацый. Аднаго з іх, трусіка Пітэра, яна паўсюль брала з сабой, нават у цягнік, і вадзіла яго на павадку. На малюнках яна апранала яго ў сінюю куртачку — гэты вобраз вядомы ва ўсім свеце. Менавіта пра Пітэра яна напісала сваю першую казку з уласнымі ілюстрацыямі.

Літаратурная і мастацкая кар’ера

У 1902 годзе выдавец Фрэдэрык Уорн надрукаваў казку пра трусіка Пітэра, ад якой да таго адмовілася некалькі іншых выдавецтваў. Да 1910 году Беатрыкс Потэр пісала, ілюстравала і публікавала прыблізна па 2 кніжкі на год. Яна атрымлівала ганарары, якія давалі ёй пэўную незалежнасць, хоць яна ўсё яшчэ жыла з бацькамі. У 1905 годзе выдавец Беатрыкс Норман Уорн зрабіў ёй прапанову рукі і сэрца, і яна адказала згодай. Праз некалькі тыдняў Норман памёр ад раку крыві. У тым жа годзе Беатрыкс набыла ферму «Хіл Топ» у вёсцы Сарэй у Азёрным краі, дзе бавіла шмат часу пасля смерці Нормана.

Пасля 1920 году Потэр пачала страчваць зрок і малявала ўсё менш. Цяпер яе кнігі збольшага складаліся з эскізаў і малюнкаў, выкананых раней. Апошняя буйная яе праца — «Апавяданне пра парася Робінсана», апублікаванае ў 1930 годзе.

Азёрны край

Яшчэ ў 16 гадоў, калі Беатрыкс пабывала ў Азёрным краі, яе так зачаравала яго прырода, што яна вырашыла аднойчы абавязкова там пасяліцца. На ілюстрацыях Беатрыкс Потэр лёгка можна пазнаць яе дом і сад.

У 1913 годзе, калі ёй было 47, Беатрыкс выйшла замуж за натарыуса Уільяма Хіліса з вёскі Сарэй і канчаткова там асталявалася.

Беатрыкс Потэр была адной з першых, хто актыўна займаўся захаваннем прыроды Англіі. Паступова яна скупіла фермы збяднелых суседзяў, дазволіўшы ім весці гаспадарку.

У 77 гадоў Беатрыкс Потэр памерла ад цяжкай формы бранхіту. Яна пакінула 4000 акраў зямлі і 15 фермаў у спадчыну Нацыянальнаму парку.

Памяць

У 2006 годзе выйшаў мастацкі фільм пра пісьменніцу пад назвай «Міс Потэр», дзе галоўную ролю выканала Рэнэ Зелвегер.

Творы

23 казкі

Іншыя творы

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Beatrix Potter
  3. 1 2 https://www.oxforddnb.com/view/10.1093/ref:odnb/9780198614128.001.0001/odnb-9780198614128-e-35584
  4. Beatrix Potter // Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. 1 2 Kindred Britain
  6. Lundy D. R. The Peerage

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Памерлі 22 снежня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з неадназначнымі геаланцужкамі
Катэгорыя·Пісьменнікі XX стагоддзя
Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Нарадзіліся 28 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў Камбрыі
Катэгорыя·Памерлі ў 1943 годзе
Катэгорыя·Казачнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1866 годзе
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных