У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Марк.
Аўзіяс Марк (катал.: Ausiàs March; 1397, Гандыя, прав. Валенсія — 3 сакавіка 1459, Валенсія) — каталонскі (валенсійскі) паэт.
Сын паэта Перэ Марка. Набліжаны караля Альфонса V, ваяваў на Корсіцы, у Сардзініі, Сіцыліі, Неапалі, на поўначы Афрыкі. Пасля 1425 пакінуў ваенную ніву, у 1428 годзе вярнуўся ў Гандыю. Каля 1430 года пачаў пісаць. У 1437 ажаніўся з Ісабэль Мартурэль, сястры Жуанота Мартурэля, якая праз два гады памерла. У 1450 годзе пасяліўся ў Валенсіі, дзе праз некалькі гадоў памёр.
Марк парваў з рытарычнай традыцыяй правансальскіх трубадураў, уносячы ў вершы пра каханне, веру і смерць інтымны лірычны пачатак. Захавалася 128 яго твораў, напісаных на валенсійскай мове. На іспанскую (кастыльскую) мову іх, сярод іншых, перакладаў Хорхэ дэ Мантэмаёр (1560). Яны паўплывалі на іспанскую паэзію эпохі Адраджэння. Дастаткова сказаць, што вучнямі Марка лічылі сябе Хуан Баскан і яго сябар Гарсіласа дэ ла Вега, Дыега Хуртада дэ Мендоса, Фернанда дэ Эрэра і іншыя.
У гонар Аўзіяса Марка названы кратар на Меркурыі.