Аскар Карлавіч Кедраў-Зіхман (31.12.1885, Рыга — 12.2.1964, Масква) — савецкі вучоны ў галіне аграхіміі. Доктар сельскагаспадарчых навук (1934). Доктар хімічных навук (1936). Прафесар (1923). Акадэмік УАСГНІЛ (1935). Акадэмік АН БССР (1931), АСГН БССР (1957—1961). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1940). Удзельнік Грамадзянскай вайны.
А. К. Кедраў-Зіхман нарадзіўся ў горадзе Рыга. У 1913 годзе скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. У 1921—1930 гадах загадчык кафедры ў Горацкім земляробчым інстытуце. У 1930—1941 гадах прафесар Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. У 1940—1941 і 1945—1946 гадах акадэмік-сакратар Аддзялення прыродазнаўчых і сельскагаспадарчых навук АН БССР. У 1941—1961 гадах А. К. Кедраў-Зіхман кіраваў лабараторыяй вапнавання глеб Усесаюзнага НДІ ўгнаенняў і аграглебазнаўства.
Асноўныя працы па вапнаванні кіслых глеб, уплыву вапны на біялагічныя якасці насення. Доўгі час быў рэдактарам часопіса «Химизация социалистического земледелия», членам рэдкалегіі часопісаў «Удобрение и урожай» и «Почвоведение».