А́рта Да́дэ (алб.: Arta Dade; 15 сакавіка 1953, Тырана) — албанскі педагог і палітык. Член Сацыялістычнай партыі Албаніі[1]. Міністр культуры (1997—1998), міністр замежных спраў (2001—2002).
Нарадзілася ў Тыране 15 сакавіка 1953 года. Пасля заканчэння школы з 1972 па 1975 год вучылася ў Тыранскім універсітэце на аддзяленні англійскай мовы факультэта замежных моў. Пасля заканчэння ўніверсітэта працавала настаўнікам у сярэдняй школе з паглыбленым вывучэннем замежных моў Asim Vokshi у Тыране. У 1985 годзе яна была пераведзена ў Тыранскі ўніверсітэт, дзе выкладала на аддзяленні англійскай мовы факультэта замежных моў да 1997 года[2]. У 1992 яна завяршыла навучанне ў аспірантуры ў Вялікабрытаніі.
У 1991 годзе далучылася да Сацыялістычнай партыі Албаніі, а праз год была выбрана ў савет партыі. Адыгрывала важную ролю ў гэтай партыі падчас падзей 1997 года[3]. У 1998 годзе стала сакратаром Сацыялістычнай партыі па міжнародных адносінах (некалькі разоў пераабіралася на гэту пасаду).
У 1997 упершыню атрымала мандат члена Народнага сходу, дзе прадстаўляла вобласць Фіеры. У 2001 і 2005 гадах пераабіралася ў Народны сход, такім чынам яна заставалася ў парламенце да 2009 года.
У 1997-1998 гадах працавала міністрам культуры, моладзі і спорту, а ў 2001-2002 — міністрам замежных спраў і намеснікам прэм’ер-міністра. Яна таксама з’яўлялася віцэ-старшынёй албанскай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
З 2013 года — старшыня албанскага камітэта па знешняй палітыцы[4][5]. З 2016 года — старшыня групы па Малдове Парламенцкай Асамблеі АБСЕ[6].
Аўтар шэрагу артыкулаў на палітычныя і сацыяльна-эканамічныя тэмы[2].
Разведзена, мае двух дзяцей.