Арле́йка — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Лужаснянка каля вёскі Стырыкі.
Плошча паверхні возера 0,41 км², даўжыня 1,01 км, найбольшая шырыня 0,75 км. Найбольшая глыбіня 2,9 м.
Вадазбор плошчай 24 км² дробнаўзгорысты. Катлавіна возера тэрмакарставага тыпу. Схілы катлавіны маюць вышыню 2—4 м і складзены з пяскоў. Берагавая лінія звілістая. Берагі возера пясчаныя. Падводная частка катлавіны спадзістая. Уздоўж берагоў дно пясчанае, на глыбіні выслана крэменязёмістым сапрапелем.
Возера эўтрофнае, слабапраточнае. Упадае ручай з возера Плаў і выцякае пратока ў возера Вымна.
У возеры водзяцца шчупак, акунь, плотка, карась, лінь і іншыя віды рыб. На возеры адзначана рэдкая для Беларусі птушка — гогаль звычайны[1].